«Кормяць добра, але мала», — гэтак, паводле адваката, распавёў палітвязень Зьміцер Дашкевіч пра харчаваньне ў гарадзенскай крытай турме, дзе ён знаходзіцца з пачатку лістападу. «Зьміцер мог бы падсілкавацца за кошт харчоў, набытых у турэмнай краме, але яму дазволена спаганяць толькі 100 тысяч рублёў, а на гэту суму шмат ня купіш», — кажа нявеста палітвязьня Наста Палажанка. Як дзяўчына спрабуе дапамагчы свайму каханаму?
«Вязьням на строгім рэжыме дазволеная адна бандэроль, у якую трэба ўкласьці ўсяго на 2 кіляграмы. Я вось днямі адправіла яму бандэроль. Што ўклала? Каву і гарбату. Яшчэ ўклала некалькі рэчаў, якія фактычна нічога не важаць. Прыкладам, насавічок. Вагалася наконт зубной пасты, але зубная паста важыць, на жаль, сто міліграмаў. Не паклала. Бо ў нашай сытуацыі гэта вялікая раскоша».
Паводле зьвестак Насты Палажанкі, Зьміцер Дашкевіч выглядае бадзёра, ні на што не скардзіцца. «Хаця са здароўем ў яго, ведаю, з’явіліся праблемы. Амаль ўдвая ўпаў зрок, часьцей стаў прастужацца», — кажа Палажанка.
Зьміцер Дашкевіч пасаджаны ў адзіночную камэру крытай гарадзенскай турмы. Лідэр «Маладога фронту» другім разам запар асуджаны на год зьняволеньня нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі ў Глыбокім, дзе ён адбываў першае пакараньне — 2 гады паводле абвінавачаньня ў хуліганстве. Абодва суды Дашкевіч лічыць палітычна матываванымі.
svaboda.org