Мікалай Аўтуховіч: “Спадзяюся, адміністрацыя разумее, на што я магу пайсці…”

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч напісаў ліст з Гарадзенскай турмы.

«Надоечы ад Мікалая прыйшоў ліст. Настрой у яго бадзёры, трымае сябе ў руках», – распавяла сайту charter97.org рэжысёр Вольга Мікалайчык, знаёмая палітвязня Мікалая Аўтуховіча.

Са слоў жанчыны, стан здароўя Аўтуховіча пагоршыўся. «Ён напісаў, што са здароўем у яго сяк-так, а пра зубы і зусім лепш не пытацца. Яму тры разу перараблялі зубныя пратэзы – увесь час штосьці ў іх не атрымліваецца, а апошні пратэз і зусім пасля ўсталёўвання трэба было не адзін раз дапасоўваць памерам, але замест кабінета доктара Мікалая адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Блэндэр у яго забралі падчас этапу ў Гарадзенскую турму, зараз чалавек змушаны глытаць ежу практычна цалком».

На ўсё гэта палітвязень рэагуе спакойна: «Як-небудзь паспрабую і пярэднімі зубамі есці паволі. Спяшацца няма куды, і перажоўваць тут пакуль асабліва няма чаго. Я нікога і нічога не баюся , і спадзяюся, што адміністрацыя разумее, на што я магу пайсці, калі яны будуць мяне даймаць. Таму ў мяне ўсё добра, параўнальна добра, бо ў турме наогул добра быць не можа», – піша Аўтуховіч.

«Таксама Мікалай напісаў, што ён хоча сачыць за тэхнічным прагрэсам і вельмі просіць перадаваць яму газеты і часопісы пра тэхніку, кампутары, мабільныя тэлефоны», – адзначыла Вольга Мікалайчык.

Нагадаем, прадпрымальнік з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўлення волі паводле абвінавачванняў ў незаконным абыходжанні са зброяй. Ён сваёй віны ў судзе не вызнаў і заявіў, што яго пераследуюць за антыкарупцыйную дзейнасць.

Іншыя палітычныя вязьні