Славамір Адамовіч: “Мы, беларусы, не такія слабыя, каб у рэшце рэшт не вырашыць нашы праблемы”

Інтэрв’ю з палітвязьнем Славамірам Адамовічам (працяг)

— Славамір, у вас была магчымасьць і ў сэрцы сьвету, і ў краіне фьёрдаў пажыць – вы бачылі, як у ЗША і Нарвегіі працуюць паліцыянты? Ці ёсьць там  “людзі ў цывільным”? Ці бачылі вы дэманстрацыі? Як гэта ўсё выглядала на тле нашых рэаліяў?

— Ну, тут мы гаворым таксама на тле забурэнняў, якія ў Еўропе якраз адбываюцца. Палітычныя розныя дэманстрацыі, можна пабачыць, як працуе паліцыя ў тых ці іншых краінах. Тут таксама ў мяне ёсьць гатовыя гісторыі, якія будуць выглядаць і слухацца як літаратурныя сюжэты. А з другога боку, мне здаецца, той, хто хаця б выязджае ў Польшчу, Прыбалтыку, ужо можа быць знаёмы з тым, як паводзіць сябе паліцыя. Безумоўна, у ідэале гэта тыя паводзіны, якія не заўважаюцца грамадзянамі. Звычайнымі законапаслухмянымі грамадзянамі на вуліцах ці то вялікага горада, ці то мястэчка, ці то нейкага хутара, як то ёсьць у Нарвегіі ці Швэцыі.  Мы яе там не заўважаем. Яна з’яўляецца, калі трэба, сапраўды трэба. Не без гэтага, ёсьць у тым свае мінусы, але хацелася б пра плюсы.

Скажам, 2005 год. Былі выбары чарговыя ў нарвежскі парламент, чакалася ратацыя: адны палітычныя партыі гублялі ўладу, другія прыходзілі на зьмену. Адзін з кіраўнікоў нарвежская правай партыі прыязджаў якраз у мой гарадок. Я пра гэта выпадкова прачытаў у газэцэ. Але тут момант такі спецыфічна нарвежскі: пішуць, што прыязджае, а куды прыязджае? Чалавек збоку не заўсёды гэта мог зразумець. Я таксама не зразумеў дакладнае месца. Але што я падумаў, як чалавек з усходу Еўропы? Ну добра, я ведаю, што гэта будзе на беразе заліва, фьёрда, а ўсе астатнія дэталі я даведаюся, бо – міністар замежных спраў прыязджае,  паліцыя ж будзе, па целарухах паліцыі заўважу, усё будзе зразумела. У выніку аказалася, што ніводнага паліцыянта там і блізка не было. Ішоў міністр замежных спраў у атачэнні свайго прэс-сакратара, яшчэ аднаго чалавека… Тады я ўжо зразумеў, што паліцыі няма тут. Я спрабую яго пазнаць (трохі ведаў у твар з прэсы), гляджу на рэакцыю мінакоў. Адна пара пенсіянераў яго пазнала, дык прайшла міма, потым мужчына паглядзеў гэтак уважліва… Ну усё, гэта ён, міністр. Вось такая работа паліцыі. Спрабуеш зьвязаць лагічна дзеянні, падыходы і паводзіны палітыкаў, грамадства:  а навошта? Хіба ўрад не даваў ім грошы заплаціць пары-тройцы нарадаў паліцыі? Яны ні кроны не выдаткавалі на гэтае усё мерапрыемства! І прыйшоў міністр, лідар партыі, правёў сваю нараду з прыхільнікамі, з партыйцамі, і я туды далучыўся. Дзякуючы сваёй настырнасьці, можа быць, нахабнасьці, чырвонага віна папіў з крэветкамі з міністрам. Гэта не апавяданне, не літаратурны сюжэт, так было.  Абсалютна адчуваў сябе чалавекам, а людзей  вакол сябе — без прысутнасьці ўладаў і дзяржавы як такой.

І яшчэ хачу сказаць: вось мы зьвяртаем увагу на Украіну, якія там адбываюцца падзеі з прыходам Януковіча. Я сёлета быў у ліпені на паўднёвым усходзе Украіны, зразумела, які гэта рэгіён, так? Але тым ня менш, што тычыцца паліцыі ўкраінскай, ці яна, не ведаю дакладна…  паліцыя, міліцыя?

— Міліцыя.

— Міліцыя. Ну, гэта неістотна. Таксама ў пэўным сэнсе анекдатычныя выпадкі там былі, калі я пайшоў у цэнтр курортнага мястэчка, адзеўшы сваю беларускую кашулю ў нацыянальных колерах. Аказалася, што на мяне скіраваны паважна-уважлівыя позіркі мінакоў. А я зноў жа ж з апаратурай, у кашулі хаджу… Аказваецца, мяне прымалі за львавяніна, як мінімум! І не мог я абмінуць міліцэйскі гэты пастарунак, у іх там разам і мясцовая ўлада засядае. Усе ў цывільным! І абсалютна іх не пужае мая апаратура, больш за тое: нейкія рэплікі ўзьнікаюць, я адказваю: “Вось я здымаю…” – мне ў адказ: “Калі ласка, здымайце! А як захочаце, у нас тут яшчэ больш ёсьць што зняць!” Запрасілі нават у сам гэты ўчастак.

— А размаўлялі вы па-беларуску?

— Безумоўна! Яшчэ б з украінцамі не паразумецца! І я не расшыфроўваў сябе. Палічылі, што я з Львова – ну і хай будзе так! Вось вам прыклады, нават на Украіне Януковіча. Гэта нармальна! Можа быць, у іншых месцах іншая сітуацыя. Але, прынамсі, у курортным мястэчку яны працуюць! Яны працуюць у цывільнай форме, яны не назаляюць людзям, і тым тысячам  курортнікаў, якія прыязджаюць, і адпачываюць, і пакідаюць там свае фінансы. Гэта нармальны падыход, адзіна магчымая пазіцыя, як я лічу, паводзін прадстаўнікоў улад.

— Хачу спытаць пра знакаміты верш… Мы разумеем, што вы мелі на ўвазе тое, што чалавек мусіць забіць у сабе раба, унутры сябе. Прайшло шмат гадоў, як з’явіўся той твор — “Забі прэзідэнта”. Назіраючы навакольнае жыццё, маючы стасункі з людзьмі ў Беларусі, як вам падаецца, усё-ткі наколькі людзі за гэты час змаглі забіць у сабе раба? Ці не расчараваліся вы ў нашым грамадстве?

—  Тут бы я крышку зьмясьціў акцэнты. Таму што ўсё ж такі верш быў не пра заклікі, не пра мае як паэта вымогі да людзей, да грамадства зьмяняць у сабе раба ці дыктатара. Я маю на ўвазе канкрэтны персанаж нашай гісторыі, такой пярэстай і трохі сумнай на сённяшні дзень. Адзінае, што гэты заклік канкрэтны кожны ўспрымае (можа, і няхай) у сілу свайго інтэлекту, разьвітасьці. Перш за ўсё гэты заклік – сігнал SOS. Такі персанаж не можа быць, не можа дамінаваць у нашай палітычнай гісторыі альбо палітычнай сітуацыі. І мы як мага хутчэй мусім ад яго вызваліцца. Вось найбольш дакладная інтэрпрэтацыя гэтага вершу, гэтага закліка. Ну ужо як, якім чынам – таксама пытанне, якое шырока можна трактаваць… Не таму што я такі ўжо празорца ці геніяльны, проста як беларусу найперш было зразумела, што гэты персанаж ужо прыйшоў неадэкватным шляхам да ўлады, і будзе паводзіць сябе яшчэ больш неадэкватна і брутальна, ухапіўшыся за яе. Таму — як данесьці мэсыдж, каб гэта максімальна дайшло і да грамадства, і да гэтага персанажа? Толькі такім гранічна рэзкім стылем, гранічна рэзкімі словамі! Таму што гэта з тых персанажаў, з тых індывідаў, якія разумеюуь толькі грубыя, рэзкія словы. Я ж не выкарыстоўваў там нелітаратурных выразаў, але, тым ня менш, рэзкія словы, назвы і дэфініцыі там даваліся. Ну, бачыце, на жаль, мы не зрабілі яшчэ, што мы можам зрабіць, але хачу сказаць, што мэсыдж гэты ён прачытаў і успрыняў, таму што пасьля гэтага, калі не памыляюся, разы тры ён публічна згадваў і перажываў усё: ай-я-яй, маўляў, я ж такі харошы, а пра мяне так вось пішуць….

Ну а што да людзей… Я не думаю, што на ўсё грамадства трэба так пэсімістычна глядзець. Усё будзе — сваім часам. Мы не настолькі, беларусы, такія слабавольныя, духоўна альбо фізічна, каб у рэшце рэшт не вырашыць гэту праблему. Я так думаю. Можа, так аптымістычна, пазітыўна… Літаральна некалькі хвіль таму згадваў адну ўстанову, якая, канечне ж, кантралюецца рэжымам. І там адзін з кіраўнікоў абсалютна адкрыта выказвае сваю пазіцыю. Ён вельмі такім акуратным способам даводзіць сваю пазіцыю і пазіцыю вельмі-вельмі многіх людзей, што да сённяшняга рэжыму. Вось, калі ласка… Хоць, здавалася, мог бы баяцца за свае заробкі, за яшчэ нешта…

— Усё-ткі нейкая эвалюцыя ў розумах, у галавах адбываецца?

— Безумоўна.

— Калі ёсьць жаданне, давайце згадаем “Правы рэванш”. Вельмі цікавая была арганізацыя. Ці спраўды гэта быў збор людзей, блізкіх да мастацтва, ці вы хацелі прыйсьці да ўлады?

— Інтрэпрэтацыі існуюць розныя, як мінімум — што гэта былі людзі з нейкага культурнага, творчага абсягу. Не толькі. Там самыя розныя, моладзь была ў тым ліку, і ПТВ-шнікі. І нават (цікавіліся, прынамсі) на першы з’езд беларускіх нацыяналістаў у Віцебску прыязджалі нават ветэраны і былыя сядзельцы яшчэ савецкіх турмаў. Так што сьпектр быў шырокі і ўзроставы, і ў культурным плане.

Але гэта быў таксама свайго роду мэсыдж. Я сам думаў, наколькі мяне хопіць у той момант, што я змагу зрабіць на той момант, таму што я не быў гатовы (і зрэшты, наўрад ці й гатовы цяпер, хоць, можа быць, цяпер больш) адсунуць у бок літаратуру. А ў тых умовах трэба было забыцца на ўсё, на сям’ю і літаратуру як мінімум, каб займацца палітыкай, калі вось-вось захопліваў уладу гэты наш сумнавядомы персанаж. “Правы рэванш” — гэта была спроба перш за ўсё падштурхнуць грамадства ў кірунку радыкалізацыі. Я бачыў, што мы ўпускаем тое, што нам здабыць, сапраўды, геапалітычная сітуацыя дапамагала. Незалежнасьць, бел-чырвона-белы сьцяг… І тут жа мы гэта, як мне здавалася, губляем. Арганізуючы людзей у радыкальным кірунку, ствараючы партыю, і ваенізаваныя, мілітарныя аб’яднанні, мы зможам атрымаць уладу. І так было. На жаль, я магу далей расказваць: я быў незадаволены тым, як палітычныя партыі адносіліся спачатку да БЗВ, потым да “Белага легіёну”, яшчэ пазьней — да “Краю”. Для мяне было мала падтрымкі. Палітыкі баяліся… Яны не далі гэтым маладым людзям (і не толькі маладым) паўнавартаснай падтрымкі. Арганізавацца – і тады можна было, ведаеце, весьці гаворку крышку пра іншую сітуацыю ў Беларусі. І паводзіны рэжыму, і нашых палітыкаў. Вось так, калі коратка.

— Палітыкі, відаць, баяліся сувязяў з людзьмі, якіх абвінавачваюць у “фашыстоўскіх” нейкіх там памкненнях… Але не будзем гэта каментаваць… Як мудры чалавек, як паэт, які пабачыў розныя краіны, і пажыў у іх, і вярнуўся на Бацькаўшчыну, скажыце, як нам усё-ткі вызваліць палітвязьняў? Ці санкцыі Еўрасаюзу і ЗША дадуць нейкі плён? Ці трэба яшчэ нешта рабіць?

— На дадзены момант, зыходзячы з таго, што ёсьць, безумоўна, працаваць… Гэта я тым людзям адрасую, хто мае кантакты з Еўропай, з заходнееўрапейскім палітычным эстэблішмэнтам. У нас ёсьць нейкія кантакты і тым больш уплывы. То, безумоўна ў гэтым кірунку працаваць трэба. Бо на сённяшні дзень тут, на Радзіме, я проста не бачу ніякіх шляхоў, ніякіх рычагоў. Акрамя як зноў жа… Але як, якім чынам, з чаго гэта зноў пачаць, каб удыхнуць аптымізм, пазітыў у грамадзян, каб яны, як некалі напачатку 90-х, у канцы 80-х мінулага стагоддзя, калі гэта проста насілася ў паветры?.. І палітычныя партыі, увогуле, недзяржаўны палітычны корпус – ён паўстаў на гэтым энтузіязме! Прыходзілі людзі, разносілі, рабілі, ніхто не пытаўся, “а колькі ты там дасі чырвонцаў за тое, што я ўлёткі занясу параскідаю”. Ці ёсьць гэтая сёння ў нас сітуацыя, ці можам мы яе чакаць? Пытанне рытарычнае. Але! Дапусьцім, заўтра яна, гэта сітуацыя, з’явіцца. Вось гэта атмасфера загарыцца, напаліцца. Дзе тая палітычная сіла, якая зможа гэта падхапіць і арганізаваць? Таму што гэта можа з’явіцца, успыхнуць і… прапасьці. Гэты людзкі народны энтузіязм. Для вызвалення тут, з сярэдзіны – толькі моцная палітычная сіла. Я так бачу. Паўставанне новай сілы, рэарганізацыя, магчыма, тых, якія сёння ёсьць. І на жаль, на дадзены момант я тут, з сярэдзіны Беларусі, не бачу рычагоў, каб націснуць на гэты персанаж, які, бачна, сёння проста не бачыць краёў, настолькі ўпэўнена адчувае, што чыну няма. Ну што ж, упэўненасьць – што тычыцца ўнутрыбеларускай сітуацыі. Зразумела, што, калі ён некуды едзе, то там зусім іншыя ў яго адчуванні…

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Крук
  • Андрэй Жукавец
  • Сяргей Гумінскі