Славамір Адамовіч: “Само ўтрыманне ў турмах гэтага рэжыму – катаванне”

Гутарка са Славамірам Адамовічам – беларускім паэтам, адным з першых палітвязьняў і, нягледзячы на палітычную эміграцыю, “вяртанцам” на Бацькаўшчыну.

— Славамір, не магу не спытаць. Атрымаўшы магчымасць жыць у замежжы, вы ўсё-ткі вярнуліся на Радзіму. Чаму?

— Хоць бы таму, што я заяўляў сябе і ў словах, і ў нейкіх дзеяннях усё ж як нацыяналіст. Як патрыёт Беларусі такога, без перабольшання, радыкальнага чыну. І як бы гэта выглядала, найперш для мяне самога? Грубавата кажучы, пускаў-пускаў бурбалкі за Беларусь, а потым раз – і звальваеш? Больш сур’ёзна гаворачы, у мяне ад пачатку была пазыцыя: быць тут, рабіць тут, жыць тут —  дома, у Беларусі, на Радзіме.

Іншая справа, што пасьля таго, як я сваю публічную грамадска-палітычную дзейнасць пачаў у 95-м, калі сумнавядомы верш напісаў, пасля адседкі ў турме стала праблематычна існаваць фізічна, матэрыяльна. Апынуўся без сталага заробку, без магчымасьці знайсьці працу, што б давала натуральную магчымасьць жыць. Таму ў 2000-м я зьезьдзіў, дзякуючы сваім знаёмым беларусам, у Злучаныя Штаты, і цяпер магу падзякаваць Злучаным Штатам, канкрэтна – мікрараёну Манхэтан нью-ёркскаму, дзе я зарабляў (і зарабіў) сабе на дах над галавой. Але я яго набыў тут, у Беларусі, у нашай мілай, добрай Курасоўшчыне. Супала так, што цэны на жытло тады былі максімальна нізкімі, і ўдалося купіць за тыя сродкі, якія я выручыў за паўгода працы на будаўнічы комплекс Злучаных Штатаў. Але потым сродкі закончыліся. Сыходзячы са свайго характару, я не мог дазволіць сабе тут бадзяцца неяк беспрытульна. І зноў жа, як бы на мяне глядзелі мае чытачы, мае прыхільнікі, каб тут я недзе абіваў парогі? Я рвануў у Нарвегію. І ўжо там я зарабляў на жыццё. Як тысячы, сотні тысяч беларусаў зарабляюць, дзе толькі могуць,  што на ўсходзе, што на захадзе.

У пэўны момант я палічыў, што час, безумоўна, зарабляць, але чалавеку, ведаеце, заўсёды бывае мала. Але ж трэба і жыць, у рэшце рэшт! Надыўшоў той момант, калі трэба было вярнуцца. Пры гэтым, ізноў жа, не буду тут дзерці кашулю на грудзях, што “усё, вярнуўся!” Не, мне здаецца, што Нарвегія цяпер ад мяне нікуды не падзенецца. Дзякуй Богу, ёсьць магчымасьць вяртацца туды — з розных прычыныў, з розных нагод.

— А як зараз згадваецца адседка ў турме? Ужо столькі гадоў прайшло. Гэта назаўсёды ўнутры чалавек носіць з сабой ці ўспаміны неяк заціраюцца ўвесь час?

— Ну, як яно затрэцца? Каб, можа быць, на мне ці на кімсьці іншым у другой палове 90-х гэта і спынілася… Сёння мы не можам сказаць, што ў нас сітуацыя грамадска-палітычная — нармальная. Яна дзікая! Таму як ты гэтую сітуацыю забудзеш, калі пасьля цябе ўжо прайшлі сотні людзей, якія сядзяць тэрміны, і тысячы, якія прайшлі і праходзяць праз “суткі” так званыя? За што? Нізашто. Я згадваю яшчэ ў тым плане, што мне ў прамым сэнсе пашанцавала, што я быў першы. Бо каб я з гэтай сваёй гісторыяй цяпер сеў, то трубіў бы, як кажуць у народзе… Ёсьць такі дзеяслоў — “трубіць”, гэта значыць: адбываць нейкі тэрмін. Трубіў бы я там доўга. Зноў жа, гэта бясконцая тэма, што там – твае 10 месяцаў жыцця… Гэта мае месяцы жыцця! Іх ніхто мне не верне! Пры ўсім пры тым, што магу сабе падзякаваць, што паводзіўся так, не інакш — тым ня менш, яны не вернуцца, і пра іх забыць не выпадае. Я іх помню, гэтыя месяцы. Там, па той бок кратаў…

— А турма сьніцца?

— Не. Не буду тут фантазіраваць. Здаецца, яна так і не сьнілася ўпарта па сьвежай памяці… Але — яна тут. Яна і так прысутнічае, хоць не кожны дзень у галаве… Калі пішаш, як літаратар працуеш, то зьвяртаешся да нейкіх момантаў пастаянна.  У рэшце рэшт, я ж зрабіў – ну, як мог на той момант – “Турэмны дзённік”.

— Цудоўныя вершы, і зразумела, што турма аказала вялікі ўплыў на вашу творчасьць… Але як зараз згадваюцца ўмовы ўтрымання? Кантраст “свабода-турма” – гэта было адно. А зараз зьмянілася сітуацыя, мы чуем пра катаванні, якія прымяняліся да людзей… Як цяпер, праз прызму часу, згадваецца знаходжанне ў турме?

— Не толькі праз прызму часу, але праз пэўны вопыт перабывання ў Нарвегіі.  Тут не трэба вышукваць нешта і старацца акцэнтаваць увагу на нейкія моманты, калі мы кажам пра катаванне. Само ўтрыманне ў беларускай турме сёння – дакладней, не ў беларускай, а ў турмах гэтага існуючага рэжыму, які за 18 гадоў сітуацыю мог бы памяняць… Я сядзеў – гэта была, можна сказаць, рэшта спадчыны савецкай сістэмы, але ўжо прайшло з 94-га году 17 з гакам гадоў, і сітуацыю можна было б памяняць, каб было жаданне ў гэтых рэжымнікаў, у гэтай улады сённяшняй. Таму яшчэ раз: само ўтрыманне ў турме трэба расцэньваць як утрыманне за кратамі з элементамі катавання. А можа – проста як катоўню. Ну ўсё ж такі, ХХІ стагоддзе – гэта ж не часы да Першай Сусьветнай. У тых жа карцэрах проста ў звычайных турмах — гэта можна тут доўга абмяркоўваць па нейкіх асобных асьпектах. Забесьпячэнне элементарнай гігіены: калі, разумееце, блохі, вошы – гэта што, нармальна? Гэта, канечне, ненармальна. Чалавек пазбаўляецца волі – гэта зразумела ўсім, хто сёння цікавіцца нашай сітуацыяй, — але не чалавечых умоваў утрымання!

Але галоўнае – гэта адносіны персанала. А персанал ва ўмовах гэтага рэжыму… Па-першае, я не сумняваюся, што іх сьпецыяльна вучаць, трэніруюць на тое, што да людзей, якія затрыманы і пасаджаны, нармальных адносін не можа быць. Не трэба ім губляць час, гэтым турэмшчыкам, для навядзення нейкіх нармальных кантактаў. Напачатку, калі рэжым толькі набіраў моц, яму яшчэ многа на што не хапала і рэсурсаў, і часу, і разумення, і па інэрцыі яшчэ “дарэжымнай” гэта сістэма працавала, яшчэ ў людзях бачылі людзей. А сёння, нават калі ты на свабодзе, цябе могуць схапіць гэтыя ў цывільным персанажы, і зьбіць проста, і адмовіцца, што нічога не было. То што можна рабіць з людзьмі, якія там, якія не могуць за сябе пастаяць, абараніцца? Таму, безумоўна, гэта ўмовы непрымальныя. Ну, а што да эўрапейскага, скандынаўскага вопыту, у мяне такая забаўная, канечне, сітуацыя была. Я сам хацеў пабываць у турме, але для нарвежцаў не было падставаў, як аказалася, каб мяне затрымліваць нават на суткі.

— Гэта гучыць ну проста як апавяданне О’Генры!

— Так-так! Раскажу сітуацыю. Ведаеце, чалавек, калі выпівае, неадэкватна ацэньвае свой стан алкагольны, так? Мне здавалася, што я нармальна сябе паводжу, аднак ахоўнікі і гаспадары нарвежскага бару палічылі, што я занадта шумлю. Гэта быў, напэўна, першы год, калі нельга было паліць у кавярні. І народ п’е піва, потым дружна выходзіць на прыступкі папаліць, потым вяртае. Я выйшаў папаліць – мяне назад не пускаюць. Я, канечне, пачынаю скандаліць: у мяне там піва, якое каштуе 10 баксаў келіх, адзенне. Мяне не пускаюць. Тады я вырашаю хутка: усё, давайце мне паліцыю-міліцыю! Хай мяне садзяць, раз я такі злачынца! Ну, прыехала паліцыя, белая такая машынка. Пасадзілі мяне ў гэтую машыну, усю беленькую, з гэтымі белымі кратамі, сьвежая фарба. Ну, думаю, усё, пасяджу я, хоць убачу нарвежскую турму. Не! Не ўдалося, таму што прывезлі да кватэры – зразумела, яны праверылі мой нумар ідэнтыфікацыйны. Прывезьлі да кватэры і сказалі: “Калі ласка, ідзіце, адпачывайце, асьцярожна ўжывайце  алкаголь”. Ну а потым я проста выпадкова нашу  абласную газэту прачытаў, а там аб’ява: калі ласка (у іх такое практыкуецца), у суботу – “экскурсія выходнага дня” ў турму. Калі ласка! І вось я тады ўжо на абсалютна законных падставах, як добры грамадзянін Нарвегіі, зайшоў і паглядзеў, прычым ужо была ў мяне і відэакамера, і фотакамера, я абчапляўся гэтымі самымі апаратамі і спытаўся, ці можна здымаць. “Можна, калі ласка, толькі калі будзеце зьняволеных фатаграфаваць, пытайцеся ў іх дазволу”. Вось і ўсё. І мы разам з грамадзянамі, таксама законапаслухмянымі, паглядзелі.

— Адрозьненні, як неба і зямля?

— Безумоўна. Гатэль не гатэль, але месца зьняволення там выглядае, як жыллё, дзе чалавек можа знаходзіцца, і гэта не ганьбіць ні тых, хто яго туды зьмяшчае, ні тым больш саміх зьняволеных. Гэта — для людзей, а не для скаціны, прабачце… Прыкладна так павінна быць і ў нас, на усходзе Еўропы. Мы толькі на ўсходзе, крыху далей на усход, але — тая ж самая частка Еўропы! Хай, можа, не так шыкоўна, не так дорага, зразумела, Нарвегіі дамапагаюць ейныя нафтавыя копі, скажам, але – тым ня менш! Там розныя людзі ўтрымліваюцца, ад сямейных “бытавікоў” да вялікіх крыміналькаў, забойцаў. Але ніхто ў іх чалавечую годнасьць не адымае, не пазбаўляе чалавечай годнасьці…

(працяг будзе)

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Гумінскі
  • Алег Федаркевіч
  • Яўген Скочка
  • Павал Севярынец