Эдуард Лобаў сустрэўся зь сьвятаром

9 лістапада Эдуард Лобаў у івацэвіцкай калёніі сустрэўся з ксяндзом. Гэтую навіну Свабодзе перадала маці палітвязьня Марына Лобава. Апошняя сустрэча верніка Лобава зь сьвятаром была амаль год таму.

«У Эдуарда сёньня адбылася важная падзея, яго наведаў ксёндз. Яны размаўлялі, ён прычасьціўся. Ксёндз перадаў мне, што трымаецца ён добра, настрой у яго бадзёры. Спадзяецца, што такія наведваньні будуць паўтарацца».

Як Марына Лобава ставіцца да адстаўкі старшыні КДБ?

«Значыць, там ідзе нейкая барацьба, калі даходзіць да такіх гучных адставак. Значыць, не настолькі там усё спакойна, не настолькі надзейна трон трымаецца».

Эдуарду Лобаву адбываць за кратамі яшчэ два гады і месяц. Маладафронтавец быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня разам са Зьмітром Дашкевічам — абодвух абвінавацілі ў хуліганстве, якое нібыта яны ўчынілі 18 сьнежня 2010 году. Актывісты кажуць пра правакацыю спэцслужбаў з мэтай ізаляваць іх напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мечыслаў Яськевіч
  • Сяргей Парсюкевіч
  • Васіль Лявонаў