“Усяго тры месяцы, але на якіх нервах!”

Валерый Шчукін — аб сваім арышце ў Жодзіне (працяг)

— Даведаўшыся, што мяне шукаюць, я добраахвотна прыйшоў, сам. Мяне адвезьлі спачатку (у нас арыштнага дому тады не было) на Валадарку. Але потым Валадарка атрымала каманду згаліць мне бараду.

– Чым матывавалі такі крок?

— А, дурням закон не пісаны, Госпадзе! Згодна з мінімальнымі стандартнымі правіламі ўтрымання, кожны мужчына мае права насіць бараду. Ён павінен даглядаць за ёй, г.зн. можа мець расчоскі і г.д. Альбо галіцца. У такім выпадку яму павінны даць магчымасць пагаліцца.

Валадарка адмовілася. Тады мяне пагрузілі ў машыну і адвезлі ў Жодзіна. Ну, у Жодзіна іншы начальнік і адміністрацыя іншая. Мяне пасадзілі, вось тут (паказвае побач справа) мардаварот стаіць з дубінкай і тут (паказвае побач злева). Ну, і зэк з брытвай. Я кажу: “Я не буду галіцца”. – “Ну, тады мы будзем галіць на сухую!” У мяне шчацінне такое, што на сухую галенне я як уявіў — у мяне, шчыра кажучы, ледзь слёзы з вачэй не пасыпаліся. Я кажу: “Добра!”. Зэку: — “Выконвайце каманду, да вас прэтэнзій не маю”. Бараду пагалілі, тут жа пацягнулі фатаграфавацца, таму што твар ўсё ж такі зьмяняецца, а мяне ж у Беларусі ніхто без барады не бачыў! Я прызываўся, праўда, з Беларусі, але тады ж яшчэ 18-гадовы хлопец быў.

Сфатаграфавалі, і я зноў працягваў не галіцца. Барада пачала з’яўляцца ізноў. Ну, мяне там “ціснулі”, я сядзеў у карцэры, але так і не пагаліўся. Але другі раз галіць гвалтоўна яны ўжо пабаяліся, таму што “прамаргалі” – я паведаміў пра гэта журналістцы Марыне Коктыш, тая напісала ў газеце. Скандал быў што трэба, бо сілком галіць — гэта абуральнае парушэнне, гэта крымінальная справа. Тады да мяне проста з Дэпартамента па выкананні пакаранняў (ДВП) прыехалі і па-чалавечы папрасілі не скардзіцца на іх, бо завядуць крымінальную справу. Я меў усе падставы падаць заяву. Але — добра, раз яны па-чалавечы просяць, я ня стаў.

– Так, высакародна зрабілі

— Затое я падаў у суд на іншае — па сваіх пакараннях. І ў судзе, калі знаёміліся з матэрыяламі справы, аказалася, што маецца больш за дзесятак спагнанняў, якіх мне ніхто не абвяшчаў і якіх я ў вочы не бачыў у Жодзіна. І на кожным дакуменце напісана, што я ад подпісу адмовіўся. Я наогул не адмаўляюся ніколі. Для таго, каб адправіць у карцэр, трэба, каб было некалькі спагнаньняў, проста так гэта не абвяшчаецца. Спачатку простыя спагнанні, потым ужо больш строгае пакаранне. І вось я знайшоў не памятаю колькі, але больш за дзесятак спагнанняў, якіх мне ніхто не абвяшчаў…

– Прасьцей кажучы, ваш карцэр быў сфабрыкаваны. А як умовы ўтрымання паўплывалі на ваша здароўе?

— Я там быў усяго толькі тры месяцы. Некалькі дзён правёў на Валадарцы, таму менш 3 месяцы атрымалася. Я іх “даставаў” — яны мяне “даставалі”. І тры месяцы на нервах, вядома, зрабілі сваю справу, таму, калі я выйшаў з Жодзінскай турмы, у мяне ціск – за 150, цукар — дзве нормы, як мінімум, бывае і больш — і не праходзіць, з 2001 года я гэтыя параметры зьбіць ніяк не магу. Хоць у мяне ў радні дыябетыкаў ніколі не было, і я сам да таго года быў здаровы. Гэта ад нерваў.

Але я іх “даставаў” таксама. Ну, скажам, вось шпацыр: прагулкі мае быць гадзіна. Яны — 20 хвілін, 25 хвілін… Я пачынаю падымаць шум, абурацца, патрабаваць. Пайшлі насустрач. Нашу камеру заводзілі на шпацыр першай і адводзілі апошняй. Мы гадзіну на паветры былі. Астатнія ж былі менш! Але яны ўсе маўчалі. Я заўсёды кажу, што дапамагчы можна таму, хто абураецца. Гэта ж быў чэрвень месяц, спякота. Выводзяць у двор і не дазваляюць распранацца. Проста зьняць майку або кашулю. Ізноў давай “шумець” — у рэшце рэшт дазволілі. Але там жа жанчыны гуляюць! А ім не дазваляюць, там жа зверху мужчыны ходзяць, глядзяць. А належыць як? Там, дзе жанчыны, там мужчын блізка не павінна быць. Там толькі можа быць мужчына-настаўнік, мужчына-святар, і ўсё. І нават начальнік такой турмы не павінен быць мужчына, там начальнікам павінна быць жанчына. Але жанчыны маўчаць, і што я магу зрабіць? Не магу я за іх “шумець”, калі яны не “шумяць”.

Ну, да прыкладу, вось памыўка ў лазьні. Там жа ўсе ёсць: і венерычныя, і са СНІДам… І не дазваляюць, калі ідзеш у лазьню і бярэш рэчы, з сабой поліэтыленавы мяшок ўзяць. І атрымліваецца, што свае чыстыя рэчы кладзеш на лаўку. Хто сядзеў да цябе на ёй, невядома. Зноў жа са скандалам, але я дамогся, але ж я быў адзіным у камеры, хто хадзіў з поліэтыленавым мяшком, складаючы ў яго ручнік і іншыя рэчы. Усе астатнія так насілі з сабой, але ўсе маўчалі. Я ж кажу: трэба патрабаваць. А калі не патрабуеш, то…

– Маўчанне – знак згоды?

— Ну не ведаю, што там атрымліваецца, але я прывёў прыклады. А з гэтымі указаннямі галіць бараду? “Галіць! Галіць бараду! Кожны дзень! Інакш усё!” А я адмаўляюся галіцца. І што ж гэта? Я ж не робат. Гэта ж таксама на мяне дзейнічае.

— А як астатнія зняволеныя ставіліся да вас?

— Да мяне заўсёды, дзе б я ні быў, ставіліся нармальна, таму што я магу сесьці і любому растлумачыць любы артыкул, любы парадак, магу напісаць за яго касацыйную ці іншую скаргу, мне ж нічога не трэба. Ну, яна будзе не ідэальная, але я магу сесці і напісаць. Сукамернікі бачаць, што я не “прагінаюся” і не баюся гэтага начальства. Натуральна, я карыстаюся аўтарытэтам там. Ніякіх выпадкаў зьдзекаў з боку зняволеных не было. Але я не сядзеў у зоне, я не ведаю, як у зоне, я сядзеў у камеры. Да мяне ставіліся добра. Начальства — так, вар’яцела.

Я сядзеў 20 сутак запар у карцэры. Мне далі 10, а пасля іх вывелі, аформілі і па новай завялі туды, на другі тэрмін. Так атрымалася, што я адбыў там тры аўторкі. У аўторак у жодзінскай турме абход. Начальнік турмы абыходзіць “пажыццёўнікаў” і карцэр.  Калі начальнік толькі бразгае замком, усе павінны ўставаць і гэтак далей (знакам паказвае, што належыць выцягвацца па струнцы). Я чытаю кіруючы дакумент, які называецца правілы, там напісана: пры ЎВАХОДЗЕ ў камеру ўставаць. Але калі адчыняеш, гэта адно, уваход — гэта калі начальнік нагой пераступіў. І вось яны крычаць: “Устаць! Устаць! Устаць!!!”- я сяджу. Ён нагой пераступіў — я ўстаў. Ён нагу назад — я сеў… А яны разумеюць, што з начальнікам турмы будзе трое арыштантаў. І што пасьля гэтага начальнік турмы ўжо будзе там ніхто, калі ён не змог зламаць нейкага там зэка. І ён за тры аўторкі, пакуль я сядзеў, ні разу не наведаў карцэр. Не я яго баяўся, а ён баяўся мяне.

– Для іх гэтыя фармальнасці настолькі важныя?

— Так, але ж я на нервах! Дарэчы, і зубы таксама… Баліць зуб? Можам выдраць, але ў нас навакаіну няма. Вось так. Але, прабачце, гэта чорт ведае што! Я давай класьці анальгін. Анальгін — рэч добрая, калі ў цябе зуб забалеў, паклаў гэты анальгін, а  раніцай пайшоў да лекара, і ўсё нармальна. Але амаль два з паловай месяцы праседзець на анальгіне… Вядома, я выйшаў з турмы, і ў мяне амаль усе зубы адзін за адным дружна “паляцелі”. Акрамя таго, што цукар і ціск, я яшчэ і без зубоў застаўся. Гэта за тры месяцы. Я не ведаю, што б там было, калі сядзеў бы больш. Тры месяцы, усяго толькі …

(заканчэнне будзе)

Іншыя палітычныя вязьні

  • Тацяна Елавая
  • Алесь Міхалевіч
  • Павал Шарамет
  • Аляксандар Квяткевіч