Антон Сурапін: “Самае балючае ў гэтай гісторыі – Каця з Івянца”

Фігурант справы аб «плюшавым дэсанце» Антон Сурапін аднавіў заняткі на журфаку БДУ насуперак апасеньням, што яго могуць адлічыць з ідэалягічных прычын. Але ці скончылася справа аб мядзьведзіках гэтак жа пасьпяхова для ўсіх, каго яна закранула?

8 кастрычніка зноў пачаў заняткі на журфаку фатограф Антон Сурапін, якому ўлетку давялося амаль месяц адбыць у ізалятары КДБ у якасьці фігуранта справы аб «плюшавым дэсанце». Пасьля вызваленьня Антон Сурапін жыў у Слуцку, бо ня меў права зьяжджаць у Менск, потым праходзіў студэнцкую практыку і паралельна шукаў жытло ў сталіцы, а як знайшоў, нечакана захварэў. Сёньня Антон прыйшоў на заняткі і з задавальненьнем даведаўся, што да яго ніхто не выстаўляе прэтэнзій, хоць усе, уключна з выкладчыкамі, ведаюць пра ягоныя прыгоды:

«Адна выкладчыца распавяла, што ў той час была ў Нямеччыне і, пабачыўшы сюжэт пра мяне па „Эўраньюс“, ледзь з крэсла не звалілася. Што няма прэтэнзій — дык якія могуць быць прэтэнзіі? Гісторыя адбывалася ўлетку, калі ў мяне былі вакацыі. Што да ідэалягічных размоў, то і іх пакуль не было».

Сьледчыя КДБ арыштавалі хлопца паводле падазрэньняў у дапамозе швэдам, якія 4 ліпеня на лёгкаматорным самалёце перасеклі беларуска-літоўскую мяжу і за дзьве гадзіны палёту над Беларусьсю скінулі, як яны сьцьвярджаюць, 800 цацачных мядзьведзікаў з плякатамі ў абарону свабоды слова. Падставай, каб абвінаваціць Сурапіна, стала тое, што гэта ён першы разьмясьціў на сваім сайце фатаздымкі мядзьведзікаў, знойдзеных у Беларусі, а менавіта — у гарадзкім пасёлку Івянец. Пазьней стала вядома, што фатаздымкі івянецкіх плюшавых мішак даслала студэнту ягоная знаёмая з Івянца Каця Скурат. Пасьля арышту Антона Сурапіна зьявілася інфармацыя, што дзяўчыну шмат гадзін дапытвалі сьледчыя КДБ. Пазьней сваякі дзяўчыны заявілі, што ніякага допыту не было, і папрасілі журналістаў больш іх не турбаваць. Калі ў сярэдзіне жніўня Антон Сурапін вызваліўся з ізалятара КДБ, то публічна прапанаваў Каці Скурат ажаніцца. Мяркуючы па ўсім, гэтая тэма, аднак, не атрымала свайго разьвіцьця:

«Для мяне гэта самая балючая тэма, гэта адзінае, за што я вельмі моцна крыўдую ва ўсёй гэтай гісторыі. Проста не хачу пра гэта размаўляць. Бо ў мяне пачынаецца дэпрэсія і апатыя, калі я пачынаю думаць і размаўляць пра гэтую дзяўчыну».

Што да самой справы, то Антона Сурапіна за час пасьля вызваленьня з КДБ ніводнага разу на допыты не выклікалі, аднак ён застаецца пад падпіскай пра нявыезд.

Другі фігурант справы, якога таксама абвінавацілі ў садзеяньні швэдам, — рыэлтар Сяргей Башарымаў. Гэта празь яго швэды спрабавалі наняць у Менску кватэру. Сяргей Башарымаў, як і Антон Сурапін, таксама больш за месяц адбыў у ізалятары КДБ і вызваліўся з «амэрыканкі» пад падпіску пра нявыезд. Сяброўка Сяргея Ірына Лагойка па-ранейшаму адказвае за Сяргея, бо сваіх кантактаў журналістам ён так і не перадаў:

«Працуе, усё зь ім як было раней. Застаецца падпіска пра нявыезд. На допыты не выклікаюць. Быццам забыліся. Можа, гэта і добра».

Аўтары сэнсацыі — швэды зь піяр-кампаніі «Studio Total» — у Беларусь на допыт, як патрабаваў КДБ, так і не прыехалі, і ў Швэцыі зь беларускімі сьледчымі таксама не сустракаліся. Гэта пацьвердзіў «Свабодзе» Пэр Кромвэл, які 4 ліпеня здымаў на відэа палёт над Івянцом сваіх калегаў Томаса Мазэці і Ханы Фрэй. У КДБ ня кажуць, калі будзе завершана расьсьледаваньне. Прэсавы сакратар КДБ Аляксандар Антановіч:

«Не гатовы пра гэта нічога сказаць. Гэтыя праблемы будзе вырашаць сьледзтва. Калі што, мы паведамім, бо разумеем цікаўнасьць да гэтай справы».

На мінулым тыдні, 4 кастрычніка, быў адпраўлены ў запас генэрал-маёр Аляксандар Пашукевіч, які кіраваў ВПС і войскамі СПА Паўночна-заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня. Генэрала называюць чарговай ахвярай «швэдзкага дэсанту» пасьля вызваленьня ў ліпені ад пасадаў старшыні Дзяржпамежкамітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі СПА Дзьмітрыя Пахмелкіна.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Парсюкевіч
  • Уладзімер Лобан
  • Зьміцер Буланаў
  • Славамір Адамовіч
  • Аляксандар Атрошчанкаў