Вызваленне Каваленкі выклікала паніку ў віцебскіх чыноўнікаў

Чыноўнікі распарадзіліся ўзяць пад асаблівую ахову ўсе адміністрацыйныя будынкі абласнога цэнтра.

Па інфармацыі “Белорусского партизана”, супрацоўнікі Віцебскага дэпартамента аховы, якія нясуць службу па ахове адміністрацыйных будынкаў і ўстаноў (суды, раённыя адміністрацыі) вымушаныя займацца патруляваннем бліжэйшых тэрыторый, каб пазбегнуць, цытата: «З’яўлення на фасадах будынкаў надпісаў, якія носяць антыканстытуцыйны характар, вывешвання сцягоў, расклейвання ўлётак і іншае».

Дайшло да таго, што герб і сцяг, замацаваныя на фасадзе будынка, работнікі перадаюць адзін аднаму пад роспіс у часопісе.

Бяззбройныя супрацоўнікі, у большасці сваёй жанчыны, вымушаныя ноччу выконваць працу патрульна-паставой службы замест сваіх прамых абавязкаў па ахове матэрыяльных каштоўнасцей на даручаных ім аб’ектах.

Нагадаем, што Сяргей Каваленка быў умоўна асуджаны за вывешванне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга на навагоднюю елку 7 студзеня 2010 года. Аднак у лютым 2012 года гэты прысуд з умоўнага быў перакваліфікаваны ў рэальны тэрмін.

26 верасня Сяргей Каваленка выйшаў на волю па ўказу Лукашэнкі аб памілаванні.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юрый Хадыка
  • Ігар Аліневіч
  • Андрэй Клімаў
  • Антон Сурапін