Юрась Хадыка: “Мы думалі, што гісторыя галадовак у Беларусі скончылася”

Гэта першая частка інтэрв’ю, запісанага ў траўні 2012 года – праз 16 гадоў пасьля галадоўкі Юрася Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка ў камерах менскай “Валадаркі”. Як бачацца палітычныя арышты 1996 году, галадоўкі за кратамі, стаўленне ахоўнікаў з пазіцыяў цяперашняга часу? Ці прадбачылі некалі першыя палітвязьні новай эпохі, што падзеі з іхнім удзелам – толькі пачатак доўгіх гадоў рэпрэсій на Беларусі?

Пра аптымізм

—  Канечне, мы сьвядома пайшлі на галадоўку. Мы пайшлі, разумеючы, што трэба яе трымаць доўга, настойліва, і былі перакананы, што на гэтым гісторыя галадоўшчыкаў і скончыцца. Гэта аптымізм быў такі тады. Яшчэ ён падмацоўваўся і той сітуацыяй, у якой адбываўся наш  арышт і ў якой адбылося вызваленне. Я не буду ўсяго вам расказваць, гэта даволі многа, але самыя галоўныя рысы, канешне, трэба нагадаць.

Тады быў даволі значны грамадскі ўздым. Справакавала яго мая жонка, у значнай ступені. Яна спачатку была разгублена, калі зьвярнулася ў штаб-кватэру Фронту — а там практычна нікога з кіраўніцтва няма. Пазьняк — з’ехаў, Вячорка — арыштаваны, Хадыка — арыштаваны, Сіўчык —  арыштаваны… Адзін Івашкевіч быў. Тады яна вырабіла плакаты “Свабоду Хадыку!”, павесіла на грудзі і на сьпіну ды ездзіла гэтак на работу і з работы… Яна арганізавала кампанію па збору подпісаў за маё вызваленне сярод дэпутатаў. Шарэцкі падпісваўся, яшчэ многія. Багданкевіч, зразумела, Васіль Быкаў…  І, акрамя таго, у нас былі тады нармальныя адносіны з дэмакратычнай Расеяй.  Яна не была яшчэ такой — пуцінскай.

 

Пра Ельцына

Я наогул паважаю Ельцына. Я быў з ім крыху знаёмы – выпадкова, канечне. Мы сутыкнуліся ў 91-м годзе, за паўтары месяцы да ГКЧП, на Рыжскім узмор’і. Абсалютна выпадкова! Было дрэннае надвор’е, а мы ехалі, па жаданню маёй жонкі, разьвітацца. Усе чакалі, што вось-вось нешта адбудзецца, і мы праехалі па знаёмых у Таліне, Рызе, Вільні. І ў Рызе нас суправаджае мая старая знаёмая, Аня Храловіч. Мы ідзём, усё пустое, а насустрач — група ў некалькі чалавек. Падыходзяць бліжэй, гляджу: Ельцын! З жонкаю і з адным ахоўнікам…

Мы паздароўкаліся. Жонка мяне прадставіла: што я – адзін з кіраўнікоў Народнага Фронта. Ельцын (жэстам паказвае, што адбылося рукапацісканне суразмоўцаў) сказаў: “Будзем разам – “вместе” – змагацца за дэмакратыю!”. Ну, і разышліся.

І таму я адразу паведаміў жонцы, што трэба пісаць Ельцыну.

Як аказалася, на Ельцына выходзілі праз некалькі каналаў. Мой непасрэдны настаўнік, Сяргей Іванавіч Анісімаў, член-карэспандэнт Акадэміі Навук СССР, быў у добрых адносінах з тагачасным віцэ-прэзідэнтам Веліхавым. Веліхаў дайшоў да Яўлінскага, Яўлінскі дайшоў да Ельцына. Яны гаварылі ўжо потым, што вось такія рабілі намаганні.

Жонка датэлефанавалася да канцылярыі Ельцына. І да Сяргея Кавалёва, які таксама быў вядомы ў тыя часы як сталы прыхільнік дэмакратыі. Канечне, я не ведаў пра тое, дадуць плён гэтыя намаганні ці не.

Пра ізаляцыю і яе прарывы

Нас з Сіўчыкам трымалі ізалявана, здалёк толькі можна было пабачыць адзін аднаго; мы нідзе не перасякаліся, за гэтым сачылі.  Спачатку да нас прыйшоў наш сьвятар – Ян Матусевіч. Ён нас спавядаў і падрыхтаваў да галадоўкі. Не адгаворваў. Прыходзіла, хоць і не часта, адвакат – Надзея Дударава. Перадавала нам нейкую інфармацыю з волі. Скончылася гэта тым, што жонцы маёй дазволілі сустрэчу.

Сустрэча – як у кіно, гэткі бар’ер, за шклом… Жонка мне гаворыць: “Кончай голодовку!” – а сама працягвае далонь, а тут (паказвае на сярэдзіну далоні) напісана: “Працягвай!” Яна тады разварушыла грамадскасць, таму што больш-менш заўважныя акцыя пачаліся толькі пасьля 9-га  траўня, калі пасьля арышту ўжо прайшло два тыдні. А потым пайшлі моладзевыя акцыі, аб якіх я даведаўся ад аховы.

 

Пра ахову

Трэба сказаць, што ахова ставілася цалкам добразычліва, не магу сказаць, што супраць мяне рабіліся нейкія непрыемныя рэчы. Вось, напрыклад, паказальны выпадак. Я галадаў па ўсіх правілах: толькі вада, ніякай ежы, ні ў якім выглядзе. І – гуляць! Гуляць можна было толькі адну гадзіну. Незалежна ад гэтага, я выходзіў у дворык. Гэта замкнёная прастора, гэткі вялікі пакой без столі – там дрот калючы і неба. Нічога больш не бачна. Ну, і яшчэ лужыны могуць быць на падлозе. І хадзі па коле… Ну, і гадзіну, значыць, ходзіш. Але гэта патрэбна, я ніколі не ўхіляўся ад гэтага.

Я сядзеў у 6-мясцовай камеры, нікога не падсаджвалі лішняга — толькі 6 чалавек. Хоць хадзілі такія расповяды, што людзі там проста начуюць на падлозе – у мяне не было такога. І аднойчы ніхто не захацеў на прагулку, я пайшоў адзін. Вядзе мяне такі маленькі канваір, а калі ідзеш па тамтэйшых доўгіх калідорах з паваротамі, па правілах рукі трэба трымаць за сьпіной. А гэта заўсёды непрыемны абавязак. Ну і я, канешне, калі мне нічога не гавораць, рукі апускаю. Ён маўчыць – ну а мне што? Ідзём, ён пытаецца, ці чуў я, як там крычалі на вуліцы, я кажу: не, не чуў. А ён кажа: “Во, там людзі сабраліся, крычалі!” Я кажу: “Гэта з-за таго, што тут вось так міліцыя!”. Мы даходзім да павароту, дзе сядзеў заўсёды старэйшы іхні наглядчык. Мой канваір бачыць яго і мне камандуе: “Ручкі за спіну!” Я там ледзь не ўпаў з гэтымі “ручкамі”… Гэта было вось такое ў яго псіхалагічнае раздваенне: ён да мяне з павагай ставіцца – і тут трэба камандаваць “Рукі за спіну!”…

 

Пра спакусы і cэнсы

Я, канечне, не зьбіраўся галадаваць да канца. Я збіраўся галадаваць, можа быць, тыдзень – тыдзень і пяць дзён…  Але — не больш за сорак дзён. Я добра ведаў, што больш – там ужо пагроза для жыцця.  Так, у нас было змаганне, я хацеў цьвёрда змагацца, але – не да бессэнсоўнасьці.

Так атрымалася, што к канцу майго тэрміну (я там прасядзеў да 21 траўня) аднойчы я паддаўся спакусе. Я пасаліў ваду, якую піў. Яна мне падавалася такой смачнай, гэта салёная вадзічка! Праз два дні атрымліваю ад жонкі вестку, што “ні ў якім выпадку нельга піць салёную ваду! Сканчай!” Аказваецца, гэта вельмі шкодна. Парушаецца нейкі абмен у арганізме, калі трапляюць гэтыя іёны натрыя. І я скончыў гэта, але тут ужо яна дамаглася таго, што мяне пацягнулі на медыцынскую камісію. Недзе вось так 19 траўня сабралася там камісія, значыць, усе яны мяне там праслухалі, абглядзелі… Я адчуваў сябе цалкам нармальна. Здавалася, што яны дарма толькі гэту камісію сабралі. Але праз два дні – рэчы, і на выхад… Гэта падзейнічаў званок з Масквы.

Ельцын і праўда званіў Лукашэнку. Як ужо ён там гаварыў, у сваім духу… але Лукашэнка тут жа выканаў гэты самы загад. Ён тады вельмі ж глядзеў на Маскву, ён марыў трапіць у Маскву і таму, канечне ж, не мог парушыць гэта. Так што прыклад мой я б не сказаў, што зусім тыповы.

 

Пра Казуліна і Тэтчэр

Тут толькі некалькі можна зрабіць высноў. Што, калі зьбіраешся галадаваць, трэба ведаць, як гэта рабіць. Што нельга рабіць так: галадаваў-галадаваў, а потым паеў, папіў што-небудзь. Бо запускаецца ўсё ў арганізме, і гэта адбіваецца дрэнна.

Праз 10 дзён галадавання зьнікае ўсякае пачуццё голаду, і ты можаш спакойна галадаваць, колькі хочаш. Але трэба было памятаць, і я пра гэта памятаў, што ў свой час ірландскія нацыяналісты галадавалі ў англійскіх турмах да смерці – усе яны, сем чалавек, пратрымаліся 54-56 дзён, толькі адзін, па-мойму — больш за 60. І паміралі… Гэта быў рэжым Тэтчэр тады, “жалезнай ледзі”, і іхнія смерці аказаліся дарэмнымі. Гэта не выклікала ніякага асаблівага руху ў грамадстве. Таму галадаваць толькі для таго, каб памерці, — гэта, па-мойму, неразумна. Гэта непатрэбнае змаганне.  Заўсёды трэба мець нейкую канкрэтную мэту.

У гэтым сэнсе прыклад Казуліна нармальны. Ён хоць і галадаваў 50 з нечым дзён, але дамогся канкрэтнай мэты: пэўнай рэакцыі з боку Захада. І калі гэта адбылося, ён мог спакойна скончыць галадоўку. І гэта правільна.

 

Пра галадоўку Каваленкі

Чаго ён даможацца, калі яму дазволяць памерці за кратамі? Нічога. Яго жыццё значна больш каштоўнае, чым смерць у такіх абставінах. Ну, калі ён мог разьлічваць па якіх-небудзь прыкметах, што можа дамагчыся свайго асабістага вызвалення сваёй галадоўкай – няхай галадуе за гэта, але я не думаю, што ў яго ёсьць такія асновы… Я думаю, і яму таксама пісаў і гаварыў, што галадоўку трэба сканчаць, што смерць у такой сітуацыі нічога карыснага не прынясе.

Неўзабаве пасьля гэтай гутаркі, па просьбах вядомых беларускіх дзеячоў, у тым ліку нашага суразмоўцы Юрыя Хадыкі і згаданага ім Аляксандра Казуліна, Сяргей Каваленка галадоўку спыніў.

(працяг будзе)

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікіта Сасім
  • Сяргей Вазьняк
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Зьміцер Дашкевіч
  • Андрэй Абозаў