
У Мінску ў офісе Партыі БНФ пачынаецца “Марафон салідарнасці з беларускімі палітвязнямі”. Ён арганізаваны грамадзянскай ініцыятывай “За волю”. Па словах аднаго з удзельнікаў гэтай правааабрончай групы – Аляксандра Макаева, рашэнне аб правядзенні музычна-паэтычнай акцыі было прынятае на “круглым стале” ў падтрымку палітзняволенага лідара «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча:
– Ідэя распачаць марафон салідарнасці з палітзняволенымі, каб узняць у грамадстве інфармацыю, каб дамагчыся вызвалення, каб пашырыць хвалю салідарнасці, каб спыніць катаванні. Катаванні ідуць перманентныя – гэта голад, холад, правакацыі, ШЫЗА. Быў зварот да бардаў, паэтаў, творчых людзей, каб прынялі ўдзел у канцэртным марафоне салідарнасці.
Першы канцэрт марафону адбудзецца 10 верасня, на ім выступяць бард Зміцер Бартосік і паэт Славамір Адамовіч. У наступныя дні плануюцца выступы Дзмітрыя Вайцюшкевіча, Алеся Пушкіна, Лявона Вольскага, Алеся Галіча і іншых. Па меркаванні Алеся Макаева, кампанія салідарнасці можа быць пашырана і за межы Беларусі. Група “За Волю” будзе прыкладаць намаганні, каб падобныя акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў адбыліся і ў іншых краінах, сказаў Аляксандр Макаеў.
racyja.eu