Начальнік магілёўскай турмы, дзе ўтрымліваецца Статкевіч, змяніўся

У турме №4 у Магілёве, дзе адбывае пакаранне палітзняволены, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, змяніўся начальнік. Пра гэта палітык паведаміў у апошняй тэлефоннай размове са сваёй жонкай Марынай Адамовіч.

За ўдзел у плошчы 2010 года Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення па артыкуле аб масавых беспарадках. Спачатку адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі №19, а потым быў пераведзены на больш жорсткі турэмны рэжым.

Марына Адамовіч кажа, што апошнія змены ў кіраўніцтве турмы яе непакояць, хаця настрой у Мікалая Статкевіча падчас іх размовы быў добры.

– Ён быў вясёлы, быў сапраўды у такім нармальным стане. Адзінае, што ў іх там новы начальнік турмы ад першага верасня. Мікола пажартаваў, што варта чакаць новага крэатыву – стары не справіўся. Яго звольнілі, ці адправілі ў адстаўку, карацей кажучы, ён страціў пасаду. Неафіцыйна ішла інфармацыя, што не справіўся. А гэта нас не радуе, як вы здагадваецеся.

Мікалай Статкевіч і пры старым начальніку турмы Аляксандры Ламазе, падвяргаўся моцнаму ціску. Яго неаднаразова змяшчалі ў карцар, у камеру да яго спрабавалі падсяліць хворага на СНІД зняволенага. Галоўнай мэтай прэсінгу было прымусіць Статкевіча напісаць прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы. Аднак палітзняволены неаднаразова адмаўляўся пісаць яго. Праз Магілёўскую турму № 4 раней прайшлі палітзняволеныя Андрэй Саннікаў і Зміцер Дашкевіч. Зараз там, акрамя Статкевіча, знаходзіцца актывіст незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Яўген Васьковіч.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Кабанчук
  • Рыгор Кійко
  • Андрэй Пратасеня
  • Уладзімер Лобан
  • Вадзім Лабковіч