Пачобут і Сурапін – журналісты бяз права перамяшчэньня

Былы палітвязень, студэнт 4 курсу факультэту журналістыкі БДУ Антон Сурапін пасьля вызваленьня са сьледчага ізалятара КДБ, дзе яго трымалі ў сувязі са справай швэдзкага «плюшавага дэсанту», застаецца ў Слуцку пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Ад верасьня ён меўся распачаць творчую практыку на інтэрнэт-партале «TUT.BY». Антон Сурапін паведаміў «Свабодзе» пра свае далейшыя пляны, а гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, які таксама застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе паводле крымінальнай справы аб паклёпе на кіраўніка краіны, распавёў, што азначае для журналіста быць абмежаваным у свабодзе перамяшчэньня:

Сурапін: «Я яшчэ студэнт, мяне ня выключылі і падстаў для выключэньня няма. А практыка ўжо пачалася — ад сёньня маю працаваць на інтэрнэт-партале „TUT.BY“. Каб гэтую практыку прайсьці, мне трэба пераехаць у Менск. Для гэтага мушу адшукаць кватэру, куды перавядуць падпіску аб нявыезьдзе. Гэткім чынам, падпіска мусіць быць на менскай кватэры, ну і я буду жыць у Менску. Але кватэру адшукаць вельмі складана. Бо калі гэта трэба было рабіць, то я сядзеў, а абітурыенты, вядома, наляцелі, і зараз варыянтаў зьняць кватэру для студэнта ў Менску вельмі складана. Пакуль што ніводнага варыянту не адшукаў, хоць манітору ўжо тыдзень».

Пачобут: «Для журналіста падпіска аб нявыезьдзе — істотнае абмежаваньне: няма магчымасьці выехаць, каб зрабіць нейкі важны рэпартаж, наведаць месца падзеі ці нейкага важнага здарэньня. Натуральна, што гэта ўскладняе і абмяжоўвае працу. Тэарэтычна можна зьвярнуцца да сьледчага, каб атрымаць дазвол на выезд. Але ж вы разумееце, што гэтую меру стрыманьня наклалі з пэўнымі мэтамі, а яны зьвязаныя ня зь нейкай крымінальнай справай, а менавіта з выкананьнем службовых абавязкаў. Таму разьлічваць, што сьледчы пагодзіцца на службовую паездку, было б наіўным. Тэарэтычна крымінальная справа, у зьвязку зь якой накладзеная падпіска аб нявыезьдзе, можа цягнуцца досыць доўга. Да прыкладу, справа аб зьніклых доўжыцца і па сёньня, і калі б нехта па ёй быў пад падпіскай аб нявыезьдзе, то ён бы заставаўся пад гэтай мерай стрыманьня ўвесь час, бо абскардзіць яе з прававога пункту гледжаньня нельга. Таму гэта вельмі непрыемная зьява, але што ж рабіць — у такой краіне жывём».

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Эдуард Пальчыс
  • Сяргей Парсюкевіч
  • Аляксандар Малчанаў
  • Уладзімер Падгол
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў