Сяргей Каваленка пряцягвае знаходзіцца ў медчастцы калоніі

Зняволены сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Сяргей Каваленка надалей змешчаны ў медычную частку калоніі №19 у Магілёве. Туды ён трапіў адразу са штрафнога ізалятара, дзе правёў 16 сутак. Жонцы палітвязня Алене атрымалася толькі сёння даведацца, што ён туды змешчаны нібыта з-за прастуды:

– Я толькі што была ў Дэпартаменце выканання пакаранняў, я цікавілася, дзе ён цяпер знаходзіцца. Сказалі, што ён яшчэ знаходзіцца ў медчастцы, што ў яго прастуда і што стан задавальняючы. Але мы ведаем, што насамрэч можа азначаць іх задавальняючы стан. Калі ён паміраў, яны таксама казалі, што стан задавальняючы. Таму цяжка нешта дакладна сказаць.

Сёння з Сяргеем Каваленкам паспрабуе сустрэцца ягоны адвакат. Па словах Алены Каваленкі, у штрафным ізалятары, у які нядаўна быў змешчаны яе муж на 16 сутак, кепскія ўмовы. У апошнія дні стала вельмі халодна. І для здароўя Сяргея Каваленкі гэта можа мець цяжкія наступствы, таму што ён яшчэ не аправіўся ад наступстваў сваёй галадоўкі.

У 2010 годзе Каваленка быў прысуджаны да 3 гадоў абмежавання волі за тое, што ўзняў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Потым, нібыта за парушэнне гэтага пакарання, быў паўторна асуджаны на 2 гады і 1 месяц зняволення. Пасля арышту ён правёў беспрэцэдэнтна працяглую галадоўку.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Парсюкевіч
  • Уладзімер Някляеў
  • Cяргей Антончык
  • Міхаіл Марыніч
  • Алег Корбан