Маці Башарымава: “Сыну давядзецца прыкласці шмат высілак, каб аднавіцца”

Пасля вызвалення з-пад варты рыэлтар Сяргей Башарымаў адпачывае і парадкуе свой бізнэс. Кантактаваць з журналістамі ён па-ранейшаму адмаўляецца, таму журналісты пацікавіліся аб планах экс-зняволенага «амерыканкі» ў яго маці.

– Усе выходныя Сяргей проста адпачываў і прыходзіў у сябе, – распавяла маці рыэлтара Людміла Башарымава. — Ён нават не стаў пакуль аднаўляць мабільны нумар: карыстаецца тэлефонам сябра. Я размаўляю з ім штодзень – сама пакуль знаходжуся ў дачкі ў Гомелі, няньчу ўнучку.

Паводле словаў суразмоўніцы, сын яшчэ не вырашыў, ці будзе ён асабіста кантактаваць з прэсай.

– Сяржук – чалавек непублічны. Тым больш у такіх абставінах. Плюс справа яшчэ не закрытая. Будзе раіцца з адвакатам.

Таксама яна дапоўніла, што ў бліжэйшы час Сяргей будзе прыводзіць у парадак бізнэс:

– Бо ўсё на ім трымалася: і рэклама, і дакументы. Цяпер трэба шмат высілкаў прыкласці, каб усе аднавіць.

Мама экс-вязня «амерыканкі» рада вызваленню сына. Але кажа, што напружанне пакуль яшчэ не адпусціла.

– Зараз лягчэй ва ўсіх адносінах, чым калі Сяргей быў пад арыштам. Але напружанне ўсё яшчэ застаецца.

Сын пад падпіскай аб нявыездзе, справа не закрыта і, на жаль, паслугі адвакатаў у нас нятанныя, – рэзюмавала яна.

Нагадаем, што 17 жніўня Антону Сурапіну і Сяргею Башарымаву, абвінавачаным па ч.6. арт.16 і ч.3. арт.371 КК Беларусі [дапамаганне ў пераходзе дзяржаўнай мяжы], была змененая мера стрымання з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Башарымаў і Сурапін застаюцца ў статусе абвінавачаных, паколькі неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку правядзенне вочнай стаўкі, не праведзеныя ў сувязі з адмовай падданых Швецыі з’явіцца ў следчае ўпраўленне. Канчатковыя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да грамадзян Беларусі, якія праходзяць па крымінальнай справе, будуць прыняты толькі пасля ўнясення поўнай яснасці ў абставіны расследаванага злачынства», паведаміла ў пятніцу прэс-служба КДБ.

gazetaby.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Федаркевіч
  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Мікіта Сасім
  • Алег Корбан
  • Андрэй Клімаў