Ціхі герой

У шырокіх рухах за дэмакратыю і свабоду чалавека пэўныя асобы непазбежна становяцца лідарамі пераменаў. Піша Карл Гершман.

Гэта людзі, здольныя сфармуляваць агульную ідэю. Гэта людзі з такім характарам, што нават групоўкі процілеглых поглядаў пагаджаюцца на іх лідарства. Іх адданасць бясспрэчная, іх мужнасць натхняе іншых на ахвяры дзеля супольнай мэты — пабудовы справядлівага грамадства. Часта такі чалавек трапляе ў турму. Рэжым, якому ён супрацьстаіць, пераследуе яго. Але такога чалавека нельга перамагчы, цяжкасці толькі гартуюць яго і павялічваюць ягоны ўплыў.
У сваім жыцці я бачыў такіх людзей, лідараў, як Марцін Лютэр Кінг-малодшы — у ЗША, акадэмік Андрэй Сахараў у Савецкім Саюзе, Нэльсан Мандэла ў Паўднёвай Афрыцы, і Аунг Сан Су Чжы ў Бірме.

Вядома, не ўсе лідары пераменаў такія вядомыя, як гэтыя ключавыя фігуры, і не ўсе маюць такі ж уплыў на падзеі і гісторыю. Але
яны абараняюць тыя ж каштоўнасці, натхняюць тымі ж надзеямі і бяруць на сябе цяжар лідарства — не дзеля асабістых амбіцый, а як маральны абавязак.

Іх мэта — служыць высокай справе, і робяць яны гэта не толькі каб падтрымаць дух людзей, якіх яны вядуць, але і каб умацоўваць універсальныя прынцыпы чалавечай годнасці.

Што да Беларусі, якую часта называюць апошняй дыктатурай Еўропы, сімвалічны лідар гэтага ж гарту — гэта сціплы праваабаронца Алесь Бяляцкі. Яму яшчэ няма 50 гадоў, а яго валасы цалкам сівыя.

Ён браў актыўны ўдзел у дысідэнцкім і дэмакратычным руху пры канцы 1980-х гадоў, у апошнія гады Савецкага Саюзу, займаўся палітычнай і культурнай дзейнасцю. З тых часоў яго праца ахапіла ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.
Бяляцкі — гэта «Актывіст Адраджэння» ў кожнай са шматлікіх справаў, за якія ён браўся: як палітычны дысідэнт і культурніцкі дзяяч, і навуковец, пісьменнік і інтэлектуал, як лідар палітычнай партыі і абраны дэпутат Мінскага гарадскога савета, як выбарчы назіральнік, і, перш за ўсё, як міжнародна прызнаны абаронца правоў чалавека.

Ён быў адным з заснавальнікаў першага дэмакратычнага руху ў Беларусі — Беларускага Народнага Фронту, а таксама першай праваабарончай арганізацыі — «Мартыралогу Беларусі». Ён узначальваў Асамблею беларускіх дэмакратычных няўрадавых арганізацый, найбуйнейшую сетку грамадзянскай супольнасці. А ў 1996 годзе ён заснаваў праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэтая арганізацыя дапамагла тысячам ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Уся гэтая праца была зробленая дзякуючы яго асабістай ахвярнасці. З 1988 года Бяляцкага арыштоўвалі больш за 20 разоў, апошні раз — 4 жніўня 2011 года.

Пасля чаго яго асудзілі на чатыры з паловай года строгага рэжыму па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў са сродкаў, якія «Вясна» атрымлівала на дапамогу ахвярам рэпрэсій. Абвінавачанне было відавочна палітычным, бо рэальнае «злачынства» Бяляцкага — абарона правоў чалавека. Але лукашэнкаўскі рэжым трапіў бы ў канфуз, калі б выставіў такое абвінавачанне, і таму ён выдумаў юрыдычную фармулёўку, каб схаваць свае сапраўдныя матывы. Але ён перамудрыў са стратэгіяй і ў выніку нікога не падмануў. Бяляцкі быў прызнаны міжнароднай супольнасцю палітвязнем і вязнем сумлення, і трэці раз намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.

Нобелеўская прэмія — гэта вялікі гонар, якога Бяляцкі заслугоўвае.

Як і Лю Сяабо (лаўрэат Нобелеўскай прэміі 2010 года з Кітая, які сядзеў у турме, калі атрымаў прэмію і дагэтуль застаецца за турэмнымі кратамі), Бяляцкі — гэта асоба вялікай мужнасці і моцнага характару. Ён ведаў пра заведзеную супраць яго крымінальную справу і меў магчымасць уцячы за мяжу, але вырашыў гэтага не рабіць. Для яго прынцыпы былі важнейшымі, па-над палітыкай.

Ён адышоў ад палітычнай дзейнасці ў 1990-я гады, бо адчуваў, што, па сваёй натуры, можа зрабіць больш у якасці абаронцы правоў чалавека. У гэтай ролі ён дапамагаў усім гнаным, незалежна ад партыйнасці ці ідэалогіі. Ён з’яўляецца адным з нямногіх асобаў у апазіцыі, якія аб’ядноўваюць, а не падзяляюць. Яго паважаюць ва ўсіх палітычных сілах і ён можа выйсці з турмы ў якасці лідара, які аб’яднае.

Яго палітычнае пакліканне ўзмацняецца ягоным патрыятызмам. Бяляцкі — гэта архетыповы беларус.

Ён заўсёды выступаў за незалежнасць краіны, абараняў яе мову і культуру, але адначасова падкрэсліваў еўрапейскую ідэнтычнасць Беларусі і падтрымліваў яе інтэграцыю ў Еўропу ў якасці свабоднай і дэмакратычнай дзяржавы.

Яго прывабнасць таксама абумоўленая яго сціпласцю.

Бяляцкі заўсёды стрыманы, спакойны, адданы актывіст, які адчувае сябе няўтульна ў цэнтры ўвагі. У яго няма эгаізму, ён не імкнецца да прызнання, не клапоціцца пра якіясьці атрыбуты поспеху. Ён сціплы ў сваёй манеры гаварыць, апранацца, сціплы ў паводзінах, і, нягледзячы на акадэмічнае мінулае і інтэлектуальныя дасягненні, ён паводзіць сябе як звычайны чалавек. Ён больш камфортна пачуваецца ў джынсах і на вуліцы, чым у касцюме і ў зале — як калісьці нябожчык паляк Яцак Курань. У яго добрае пачуцце гумару, ён заўсёды знойдзе досціп пра ўладу і апазіцыю, Еўрапейскі Саюз, нават пра свой уласны лёс, як, напрыклад, у яго рэпліцы: «У кепскія часы турма для праваабаронцы — найлепшае месца». Самае галоўнае, нягледзячы на складаную працу і цяжкія ўмовы існавання, ён заўсёды ўсміхаўся і ніколі не губляў надзеі.

Цяпер, калі яго натхняльныя словы і іранічны голас прыглушаныя вымушаным зняволеннем, яго жонка Наталля стала ягоным голасам.

Яна адклала свае гістарычныя даследаванні і садок у Ракаве, каб данесці праўду пра мужаву справу — і пра становішча іншых палітвязняў. Я прысутнічаў нядаўна на яе выступе падчас Уроцлаўскага Глабальнага форуму і магу засведчыць яе красамоўства і годнасць.

Бяляцкага можна параўнаць з многімі вядомымі змагарамі за свабоду — Вацлавам Гаўлам, Лю Сяабо і Яцкам Куранем, між іншага.

Але ёсць асаблівая блізкасць паміж ім і бірманскім актывістам, пра існаванне якога ён можа нават і не ведае. Я маю на ўвазе Paw Oo Htun, чый псеўданім Min Ko Naing, што азначае «Пераможца каралёў». Як і Бяляцкі, Min Ko Naing нарадзіўся ў 1962 годзе, а ў 1988 годзе — гэтак жа, як Бяляцкі — пачаў актыўную дзейнасць. Ён стаў найвыбітнейшым лідарам студэнцкага руху, які паўстаў супраць вайсковай дыктатуры. Неўзабаве пасля гэтага яго арыштавалі і ён правёў большую частку наступных двух дзесяцігоддзяў у турме. Там яго жорстка катавалі. Цяпер ён выйшаў з турмы, бо сітуацыя ў Бірме паволі пачынае мяняцца.

28 жніўня 1988 года Min Ko Naing выступіў з уступным словам на з’езьдзе і заклікаў аднавіць Усебірманскую фэдэрацыю студэнцкіх саюзаў, якая была ліквідаваная ў 1962 годзе, калі вайскоўцы захапілі ўладу ў Бірме. Яго словы тычыліся праблемаў у Бірме, але мы чуем іх водгулле і сёння, калі мы думаем пра Бяляцкага і Беларусь. Min Ko Naing гаварыў пра доўгую барацьбу, каб зрынуць сцяну дыктатуры, якая была «занадта магутнай» у пачатку, але пачынае даваць расколіны. «Калі мы аб’яднаемся», казаў ён, «і наляжам на сцяну, яна ўпадзе». І завяршыў ён свой выступ вершам «Вера», у якім утрымліваліся наступныя радкі:

Нават калі жыццё давядзецца аддаць у ахвяру
ў імя незавершанай рэвалюцыі,
пакідаючы гэты свет, а не буду журыцца,
наадварот, я буду радавацца,
што быў адданы свайму народу.

Адданасць Бяляцкага — гэта адна з прычынаў, чаму мур дыктатуры ў Беларусі разбурыцца і ўпадзе. Гэта толькі пытанне часу.

Калі гэта наступіць, ён увойдзе ў гісторыю як ціхі герой, чыя мужнасць дапамагла краіне стаць свабоднай. А пакуль гэтага яшчэ не сталася, ён заслугоўвае — і павінен адчуваць, — нашу поўную салідарнасць.

* * *

Гэты тэкст — гэта прадмова да новай кнігі Бібліятэкі радыё «Свабода» «Справа Бяляцкага». Карл Гершман — гэта прэзыдэнт Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі (NED), ЗША.

Карл Гершман, svaboda.org

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Падгол
  • Яна Палякова
  • Алесь Кіркевіч
  • Настасься Азарка
  • Павал Севярынец