Васіль Парфянкоў этапаваны ў баранавіцкі следчы ізалятар № 6

Былы палітзняволены Васіль Парфянкоў этапаваны ў следчы ізалятар № 6 Баранавічаў (Брэсцкая вобласць), паведаміў БелаПАН адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Беларусі Аляксандр Макаеў.

Паводле яго слоў, 16 жніўня ён меў намер перадаць перадачу ў следчы ізалятар № 1 у Мінску, дзе знаходзіўся Парфянкоў. “Перадачу ў мяне не прынялі, сказаўшы, што Парфянкова этапуюць вечарам 16 жніўня ў Баранавічы”, — сказаў Макаеў.

Як зазначыў прадпрымальнік, супрацоўнікі СІЗА № 1 паведамілі яму, што Парфянкову належыць у паўгода толькі адна перадача вагой 30 кг. “У мяне перадача была меншая за 10 кг. Таму я вырашыў не настойваць на тым, каб яе прынялі. Мы лепш збяром паўнацэнную перадачу і перададзім яму пазней. Паколькі ён асуджаны на шэсць месяцаў арышту, то гэта адзіная перадача, якую Парфянкоў можа атрымаць”, — сказаў Макаеў.

27-гадовы Парфянкоў быў першым асуджаным па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. У лютым 2011 года суд Фрунзенскага раёна сталіцы прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прыгаварыў да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Акрамя таго, Парфянкоў павінен быў выплаціць больш чым 14 млн. рублёў за разбітыя шыбы дзвярэй у Доме ўрада падчас несанкцыянаванай акцыі апазіцыі.

Асуджаны адбываў пакаранне ў Аршанскай папраўчай калоніі, але ў жніўні 2011 года быў памілаваны ўказам прэзідэнта. У студзені гэтага года ў дачыненні да Парфянкова ўстанавілі прафілактычны нагляд, а ў красавіку Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска распачаў супраць былога палітзняволенага новую крымінальную справу — за парушэнне ўмоў прафілактычнага нагляду. Паводле версіі праваахоўных органаў, Парфянкоў парушыў парадак выканання ўмоў прэвентыўнага нагляду, у прыватнасці адсутнічаў па месцы жыхарства без уважлівай прычыны, за што двойчы на працягу года атрымліваў адміністрацыйнае спагнанне.

Парфянкоў растлумачыў, што выходзіў з дома ў краму на некалькі хвілін, каб купіць прадуктаў. “Сам прэвентыўны нагляд, лічу, быў устаноўлены нада мной для абмежавання майго ўдзелу ў грамадскай дзейнасці. Не лічу, што калі я выйшаў у краму, то ўчыніў злачынства”, — заявіў ён.

29 мая суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Парфянкова вінаватым ў парушэнні ўмоў прафілактычнага нагляду і прыгаварыў да 6 месяцаў арышту. 24 ліпеня Мінскі гарадскі суд пакінуў прыгавор у сіле.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікола Маркевіч
  • Васіль Парфянкоў
  • Арцём Грыбкоў
  • Іван Гапонаў
  • Кастусь Лукашоў