Сайт міжнароднай платформы Change.org, дзе збіраюцца подпісы ў падтрымку Сурапіна і Башарымава, недаступны для беларусаў

У Беларусі стаў недаступны сайт міжнароднай платформы Change.org, на якім праводзіўся збор подпісаў за вызваленне журналіста Антона Сурапіна і рыелтара Сяргея Башарымава, затрыманых па крымінальнай справе аб незаконным перасячэнні беларускай мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам.

У Расіі і ва Украіне рускамоўная версія сайта працуе без праблем, паведамляюць каардынатары платформы.

“Тое, што нас заблакавалі ў Беларусі, — сведчанне эфектыўнасці анлайн-петыцый і значнасці нашай працы, — мяркуе каардынатар кампаній Change.org па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Дзмітрый Савелаў. — Наша галоўная задача — даць людзям у Беларусі і іншых краінах рэсурсы і інструменты, якія дазвалялі б ім публічна заяўляць пра несправядлівасць і праблемы, якія іх хвалююць, а таксама арганізоўвацца разам для іх вырашэння”.

Паводле слоў Савелава, апошні раз сайт Change.org быў заблакаваны ў Кітаі, “калі музей Гугенхайма арганізаваў міжнародную кампанію за вызваленне мастака Ай Вэйвэя”.

Change.org — глабальная платформа, з дапамогай якой любы чалавек можа пачаць сваю грамадзянскую кампанію ў інтарэсах сацыяльных і іншых перамен. Платформай карыстаюцца больш як 15 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце, з іх 150 тысяч — у Беларусі, ва Украіне і Расіі. Беларусы сталі актыўна выкарыстоўваць платформу Change.org пасля таго, як Любоў Кавалёва — маці пакаранага смерцю за тэракт у мінскім метро Уладзіслава Кавалёва — пачала міжнародную кампанію за адмену смяротнай кары ў Беларусі і сабрала 67.000 подпісаў.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Крук
  • Васіль Старавойтаў
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Зьміцер Завадскі
  • Зьміцер Хведарук