З Антонам Сурапіным нарэшце сустрэлася адвакат

З Антонам Сурапіным нарэшце сустрэлася адвакат.

Да гэтага часу невядома, ці прад’яўлена журналісту якое-небудзь абвінавачанне.

Пра гэта прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» паведаміла маці фатографа Алена Сурапіна. Разам з тым да гэтага часу невядома, ці прад’яўлена журналісту якое-кольвек абвінавачанне.

Паводле Алены Сурапінай, яе сын трымаецца ў СІЗА аптымістычна, бо спадзяецца на справядлівы разгляд справы і выхад на свабоду.

«Ён пачуваецца нармальна, глядзіць тэлевізар у камеры, на умовы не скардзіцца.
Мяркуючы па словах адваката, нейкія дзеянні з удзелам Антона вядуцца, але якія дакладна адвакат сказаць не можа па прычыне падпіскі аб неразгалошванні,« — гаворыць Алена Сурапіна.

Нагадаем, што студэнта БДУ Антона Сурапіна КДБ падазрае ў спрыянні незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы групе асобаў. Разам з тым папярэдне Антон Сурапін паведамляў у сваім матэрыяле, што выклаў у інтэрнэт фатаздымкі шведскіх мядзведзікаў, якія яму даслаў праз электронную пошту невядомы.

Плюшавыя мядзведзікі былі скінутыя над Івянцом і ускраінай Мінска 4 ліпеня са шведзкага лёгкаматорнага самалёта. Толькі 26 ліпеня улады Беларусі афіцыйна прызналі факт гэтага палёту. Пра гэта на нарадзе з сілавікамі заявіў Аляксандр Лукашэнка, які паабяцаў да панядзелка прыняць кадравыя рашэнні адносна адказных за парушэнне паветранай прасторы. У сувязі з гэтым Алена Сурапіна гаворыць, што спадзяецца менавіта на панядзелак, калі яе сын можа быць адпушчаны на волю.

baj.by

Іншыя палітычныя вязьні