Анархіст Аліневіч пастаўлены на прафілактычны ўлік

Анархіст Ігар Аліневіч у наваполацкай калоніі № 10 пастаўлены на прафілактычны ўлік. Аб гэтым ён расказаў у тэлефоннай размове сваёй маці Валянціне Аліневіч.

Як паведаміла маці зняволенага, тэлефонная размова адбылася 14 ліпеня. «Гэта быў усяго трэці званок з калоніі. Ігар сказаў, што яму два тыдні таму настойліва прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта. Ён гэта рабіць адмовіўся. Пасля гэтага яго памясцілі на два тыдні ў штрафны ізалятар. І ўжо ў ШІЗА стала яму вядома аб пастаноўцы ў калоніі на прафілактычны ўлік», — расказала Валянціна Аліневіч.

Паводле слоў маці зняволенага, Ігар патэлефанаваў ёй адразу пасля выхаду з ШІЗА. «Ён патлумачыў, што на прафілактычны ўлік яго паставілі ў сувязі з тым, што ён нібыта схільны да нападу і ўцёкаў», — перадала Валянціна Аліневіч словы сына.

Яна адзначыла, што «ўсе непрыемнасці ў Аліневіча пачаліся ў апошнія месяцы».

«Ён адседзеў без асаблівых праблем у калоніі амаль год. І ніякіх праблем не ўзнікала. І тут, за апошні месяц, у яго пачаліся нейкія спагнанні, парушэнні, ён быў прызнаны злосным парушальнікам рэжыму, цяпер пастаўлены на прафілактычны ўлік. Гэта значыць на яго раптоўна ўзмацніўся націск», — лічыць Валянціна Аліневіч.

***

27 мая 2011 года суд Заводскага раёна асудзіў Аліневіча па ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 2, 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) Крымінальнага кодэкса. Ён быў прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Працэс па справе анархістаў пачаўся 18 мая. Яны абвінавачваліся ва ўчыненні шэрагу нападаў на будынкі і падпалаў, у прыватнасці ў правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства Расіі ў Мінску і будынка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінаваўся шэраг нападаў на іншыя будынкі: закідванне фаерамі сталічнага казіно «Шангры Ла» і будынка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, спробы падпалу аддзяленняў «Беларусбанка» і «Банка Масква-Мінск», аддзялення міліцыі ў Салігорску.

belapan.com

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні