Пікеты дзеля свабоды ўсіх беларускіх палітвязняў (фота)

Сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” разам з прадстаўнікамі іншых грамадскіх арганізацый і партый па ўсёй Беларусі падаюць з 10 ліпеня заяўкі на правядзенне пікетаў у падтрымку зняволенага кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага” і іншых палітычных вязняў.

Пікеты мяркуецца правесці найменей ў 17 гарадах Беларусі 4 жніўня. Менавіта ў гэты дзень год назад праваабаронца быў затрыманы, а затым і асуджаны на 4 з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыма па абвінавачанні ў нібыта нясплаце падаткаў. Ён адбывае пакаранне ў Бабруйскай калоніі №2.

Праваабаронцы і грамадскія дзеячы, апрануўшы майкі “Свабоду Алесю Бяляцкаму”, такім арганізаваным чынам выказваюць свой пратэст і патрабуюць ад уладаў неадкладнага вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў.

МАЗЫР

11 ліпеня праваабаронца Уладзімір Целяпун зьвярнуўся ў Мазырскі райвыканкам і райсавет з заявай аб првавядзеньні вулічнага шэсця ў цэнтры горада. Дадзенае мерапрыемства мазырскі праваабаронца прымеркаваў да гадавіны зняволеньня кіраўніка грамадскага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага.

Папярэдне Уладзімір Целяпун звярнуўся ва ўстановы і арганізацыі, якія пазначаныя ў рашэньні Мазырскага райвыканкама №1202 ад 15.09.2011 г, з заявамі аб заключэньне дамоваў па аплаце паслугаў пасля правядзеньня масавага мерапрыемства: у РАУС – па ахове грамадскага парадку, у Цэнтральную паліклініку – па медычным абслугоўванні і ў Райжылкамгас – па уборцы тэрыторыі. Да сваёй заявы У. Целяпун дадаў і праект дамовы.

Аднак кіраўнікі гэтых установаў і арганізацый не ведаюць, альбо не жадаюць заключаць з праваабаронцам адпаведнай дамовы, спасылючыся на адсутнасьць рашэньня Мазырскага райвыканкаму аб парадку аплаты гэтых расходаў, як прадугледжана Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Яны перанакіравалі заявы да сваіх намесьнікаў, а тыя ў сваю чаргу абацаюць даць адказ на працягу месяца ў адпаведнасьці з законам “Аб зваротах грамадзян”. Калі ўлічыць, што і заяву ў райвыканкам на првядзенне масавага мерапрыемства неабходна падаць не пазней за 15 дзён – трэба пачынаць закідвацца паперамі за 2-3 месяцы.

Не чакаючы бюракратычных адпісак мазырскіх чыноўнікаў 7 ліпеня Ў. Целяпун звярнуўся з заявай да старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, каб ён даў даручэнне абласному Упраўленню юстыцыі прывесці рашэньне Мазырскага райвыканкама №1202 на адпаведнасьць Закону “Аб масавых мерапрыемствах …” “з яснай, канкрэтнай, дакладнай працэдурай практычнай рэалізацыі і скарыстання правоў і законных інтарэсаў грамадзян, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь”.

Уладзімір Целяпун таксама нагадаў кіраўнікам Мазыра, што вызначанае рашэньнем райвыканкама месца стадыён “Спартак” не адпавядае публічнасьці і сэнсу вулічнага шэсьця. Прычым, як бачна на здымку, стадыён амаль увесь час на замку.

БАБРУЙСК

Грамадскі актывіст з Бабруйска Сяржук Лацінскі падаў 12 ліпеня ў гарвыканкам заяўку на правядзенне пікета ў падтрымку Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў.

-У заяве я не прасіў выдзяліць для пікета какрэтнае месца, бо часта менавіта з-за гэтага ўзнікаюць праблемы з атрыманьнем дазволу, – кажа Сяржук Лацінскі. – Я пазначыў так: “месца, якое вызначана бабруйскім гарвыканкамам”. Мяркую, што на пікет можа прыйсьці каля сотні чалавек.

Бабруйскі актывіст адзначае, што датай правядзеньня абранае 4 жніўня бягучага года, з 15.00 да 17.00 гадзін. Менавіта на гэты дзень, на гадавіну арышту Алеся Бяляцкага, падаюць заяўкі на пікетаваньне і ў іншых гарадах Беларусі.

Бабруйскія арганізатары бяруць на сябе забеспячэньне грамадскага парадку і бяспекі, медычнага абслугоўвання, падтрыманьне парадку на тэрыторыі падчас правядзеньня пікета.

БЯРОЗА

Бярозаўскія актывісты ўключыліся ва ўсебеларускую акцыю ў падтрымку зняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага” і іншых палітвязняў. Акцыю арганізавалі сябры праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Актывісты з Бярозы падалі заяўку на правядзенне пікету 4 жніўня з 12 да 14 гадзін у цэнтры горада. Мэта пікету: пратэст супраць зняволення Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў, а таксама патрабаванне найхутчэйшага іх вызвалення, кажа адзін з заяўнікаў Сяржук Русецкі:

– Нягледзячы на грозныя заявы кіраўніка дзяржавы, з якой вынікала, што палітвязні пад амністыю не патрапяць. Тым не менш вядома, што да 3 ліпеня, так званага Дня незалежнасці, закон аб амністыі так і не быў падпісаны, і калі ён будзе падпісаны канкрэтна невядома. Тут відаць улады маюць нейкія намеры, але хіба яшчэ і самі не ведаюць, якія. На вялікі жаль часамі сумняешся, ці ёсць шанс падаваць заяўкі на гэтыя пікеты, бо рэальна дазволу на іх правядзенне не даюць, калі б дазвол быў дадзены, правядзенне мела б сэнс.

Адмову на гэты раз будуць абскарджваць у беларускіх судах з далейшым намерам звароту ў ААН.

БАРАНАВІЧЫ

Грамадскія актывісты Сяргей Гоўша, Віктар Сырыца і Віктар Мезяк, на падставе артыкула 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з патрабаваннямі артыкулаў 4 і 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, 10 ліпеня 2012 года падалі пісьмовую заяву ў гарвыканкам на правядзення масавага мерапрыемства – пікету. Мэта пікету: выказванне пратэсту супраць зняволення Алеся Бяляцкага і іншых палітычных вязняў. Пікет плануецца правесці 4 жніўня а 17.00 да 18.00 гадзіны ў Старым парку культуры і адпачынку па вуліцы Камсамольскай (пляцоўка з боку вуліцы Царука).

Арганізатары ўзялі на сабе забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі ў часе пікету, а таксама захады па забеспячэнні медычнага абслугоўвання і ўпарадкаванню тэрыторыі па заканчэнні мерапрыемства.

БЕРАСЦЕ

Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці горада над Бугам 11 ліпеня падалі заяўку на правядзенне пікетавання пад назваю “Свабоду палітзняволеным!” у Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт. Мерапрыемства плануецца прымеркаваць да 4 жніўня – гадавіны арышту лідара Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага. Брэсцкі праваабаронца, адзін з ініцыятараў падачы заяўкі Уладзімір Вялічкін, распавёў пра матывацыю да такіх дзеянняў:

– Шмат людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных падставах. Мяне гэта асабіста датычыць, таму што кіраўнік арганізацыі, у якую я ўваходжу, Алесь Бяляцкі, на сённяшні дзень ужо амаль як год знаходзіцца за кратамі. 4-га жніўня прызначана дата правядзення пікету ў сувязі з тым, што ў гэты дзень ён быў асуджаны і ўзяты пад варту.

Заяўнікамі правядзення пікетавання выступілі сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Вялічкін, старшыня брэсцкай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек і старшыня брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.

ГАРОДНЯ

Гарадзенскія грамадскія праваабаронцы Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч 10 ліпеня падалі ў мясцовы гарвыканкам заяўку на правядзенне ў горадзе над Нёманам 4 жніўня пікету. Пікет заяўлены ў падтрымку Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў. Плануемым месцам правядзення пікету ёсць Каложскі парк. Гэтая частка гораду якраз у ліку вызначаных Гарадзенскім гарвыканкамам для правядзення масавых мерапрыемстваў.

4-га жніўня спаўняецца роўна год, як старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі кінуты за краты. За гэты час гарадзенскія грамадскія праваабаронцы праводзілі цэлы шэраг розных акцый ў падтрымку зняволенага лідара праваабарончага руху Беларусі.

ГОМЕЛЬ

10 ліпеня у Гомельскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 4 жніўня пікету ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Калектыўную заяву падпісалі яго калегі Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны, а таксама былы старшыня гарвыканкама Святлана Гольдадэ.

Пікет мы маем намер правесці 4 жніўня – у гэты дзень год таму быў затрыманы Алесь Бяляцкі. Масавае мерапрыемства ў нас запланавана з мэтай звярнуць увагу грамадскасці на праблему палітычных зняволеных, і не толькі Алеся Бяляцкага, якога, як мы лічым, асудзілі незаконна», – заявіў Судаленка.

Ён адзначыў, што акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага – агульнарэспубліканская, праводзіцца па ініцыятыве праваабаронцаў. Заяўкі на пікеты будуць пададзеныя ва ўсіх абласных цэнтрах і іншых гарадах краіны.

24 лістапада 2011 суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прысудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не прыняў да ўвагі, што гэтыя грошы выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Таксама суд не прыняў да ўвагі, што шкода, які нібыта нанёс Бяляцкі, быў цалкам пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян. Бяляцкі адбывае пакаранне ў бабруйскай папраўчай калоніі № 2, дзе працуе пакавальнікам.

ЖОДЗІНА

Як патлумачыла Сьвятлана Лапіцкая, мэтай заяўленай акцыі зьяўляецца неабходнасьць выказваньня публічнага пратэсту супраць зьняволеньня за актыўную праваабарончую дзейнасьць вядомага ў Беларусі й па-за ейнымі межамі паваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Заяўку аб правядзеньні з 18-00 да 19-30 на пляцоўцы ля ўваходу ў Гарадзкі парк адпачынку пікетаваньня 4 жніўня з усімі патрабуемымі ў дадатку пісьмовымі гарантыямі аб падтрыманьні правапарадку й бясьпекі з боку арганіўзатара мерапрыемства Аляксея Лапіцкага – у Жодзінскім выканкаме зарэгістравалі адразу, належным чынам і без аніякіх залішніх пытаньняў.

У сваёй заяўцы жодзінцы адзначылі, што для ралізацыі патрабуемых законам мераў па падтрыманьні правапарадку пад час мерапрыемства выканкаму дастаткова апавесьціць кіраўніцтва Жодзінскага ГАЎС аб факце дазволу заяўленага пікетаваньня.

МАГІЛЁЎ

10 ліпеня праваабаронцы Барыс Бухель і Аляксей Колчын падалі адпаведную заяўку ў Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Паводле заяўкі яны просяць дазволу на правядзенне пікета 4 жніўня ў цэнтры горада насупраць гарвыканкаму. Такім чынам яны хочуць нагадаць магілёўцам аб тым, што праваабаронца Аляесь Бяляцкі ўжо цэлы год знаходзіцца за кратамі.

“Месца для правядзення пікета мы выбіралі з улікам таго, што яно з’яўляецца найбольш прыдатным для пікетавання. Там заўсёды шмат людзей і разам з тым там дастаткова вольнага месца. Акрамя таго падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў на гэтым месцы неаднаразова можна было назіраць ажна чатыры пікеты. Гэта значыць што няма падставаў адмаўляць у правядзенні пікетавання менавіта ў гэтым месцы”, – кажа Аляксей Колчын.

Праваабаронцы кажуць, што ў выпадку калі пікет не будзе задаволены, то яны будуць абскарджваць такое рашэнне і даносіць інфармацыю аб зняволеным па палітычных матывах правааабаронцы Алесе Бяляцкім іншымі спосабамі.

Трэба адзначыць, што ў Магілёве для правядзення масавых мерапрыемстваў існуе толькі адно месца – гэта стадыён “Хімік”, які знаходзіцца на ўскрайку горада ў нешматлюдным месцы.

МАЛАДЭЧНА

Учора, 10 ліпеня, ў Маладэчанскі райвыканкам мясцовымі праваабаронцамі была пададзена заяўка на правядзенне 4 жніўня пікету з нагоды гадавіны зняволення Алеся Бяляцкага. Мэта пікету – выказванне пратэсту супраць зняволення Алеся Бяляцкага і іншых палітычных вязняў. Мерапрыемства плануецца правесці на Цэнтральнай плошчы горада. Заяўку на пікет падалі праваабаронцы Алесь Капуцкі і Эдуард Баланчук.

У заяве праваабаронцы адзначаюць:

“Трывогу і абурэньне выклікае сфальсікаваная крымінальная справа і зняволенне лідэра беларускага правабарончага руху, заснавальніка і кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, які адначасова з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека. Гэтыя дзеянні ўладаў супярэчаць духу Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, міжнародна-прававых абавязацельстваў і Канстытуцыі Беларусі, яны з’яўляюцца недапушчальнымі і ганебнымі для ўсёй краіны.

Крымінальную справу ў дачыненні да Алеся Бяляцкага мы адназначна ўспрымаем як расправу іпомсту за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасць, а таксама як імкненне знішчыць Праваабарончы цэнтр “Вясна” і запалохаць увесь праваабарончы рух у Беларусі.”

На думку аднаго з заяўнікаў, Алеся Капуцкага, мяркуючы па агульнапалітычнай сітуацыі і ўласным досведзе, чарговая спроба атрымаць афіцыйны дазвол на арганізацыю пікета будзе, хутчэй за ўсё няўдалай, фантазія ўладаў на пошук аргумантаў для адмовы – бязмежная.

НАВАПОЛАЦК

У Наваполацку 11 ліпеня была пададзеная заяўка на правядзенне 4 жніўня пікету ў падтрымку зняволенага кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага” і іншых палітычных вязняў. Ініцыятары плануемай акцыі праваабаронца Зміцер Салаўёў і актывіст Партыі БНФ Уладзімір Кунцэвіч такім чынам пратэстуюць супраць зняволення Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў.

ОРША

Удзельнікі пасяджэння Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў Оршы разам з рашэннем накіраваць прадстаўнікоў на сумеснае пасяджэнне Віцебскага аблвыканкама і Прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, дзе будзе разглядацца пытанне аб фарміраванні акруговых выбарчых камісій, прынялі рашэнне супольна падаць заяўку на правядзенне пікету 4 жніўня з патрабаваннем спынення палітычнага пераследу кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага.

Раніцай 10 ліпеня адпаведная заяўка была пададзеная ў Аршанскі райвыканкам.

РЭЧЫЦА

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і палітычных партый Рэчыцы Валерый Пуціцкі, Аляксандр Касцючэнка і Алег Шабетнік 10 ліпеня заявілі пра намер правесці пікет, каб публічна выявіць пратэст супраць крымінальнага пераследу праваабаронцы Алеся Бяляцкага і патрабаваць ягонага неадкладнага вызваленьня.

Заяўнікі выяўляюць сваю нязгоду з крымінальным пераследам Алеся Бяляцкага і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення ды іншых палітзняволеных. Крымінальную справу ў дачыненні да Алеся Бяляцкага яны адназначна ўспрымаюць як расправу і помсту за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасць, а таксама як імкненне знішчыць Праваабарончы цэнтр “Вясна” і запалохаць увесь праваабарончы рух у Беларусі.

Пікет мяркуецца правесці 4 жніўня на пляцоўцы каля ўваходу ў Гарадзкі Палац культуры.

Заяўкі на правядзеньне пікетаў 4 жніўня таксама пададзеныя ў Віцебску, Смаргоні і Мазыры.

spring96.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Крук
  • Эніра Браніцкая