Каваленка ў магілёўскай калоніі атрымаў характарыстыку «злоснага парушальніка рэжыму»

Ён працуе дзве гадзіны на дзень — пляце авоські.

Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка ў магілёўскай калоніі № 19 атрымаў характарыстыку «злоснага парушальніка рэжыму». Пра гэта паведаміла яго жонка Алена Каваленка.

Ёй невядома, за якія парушэнні мужу быў прысвоены такі статус. «Факт у тым, што
ў сувязі з гэтым ён атрымаў абмежаванні на грашовыя сродкі, якія можа зрасходаваць у турме на прадукты. Калі раней ён мог зрасходаваць 500 тысяч рублёў, то цяпер толькі сто тысяч», —

заявіла Алена Каваленка.

Паводле яе слоў, Сяргей Каваленка ў калоніі працуе «дзве гадзіны на дзень». «Ён там пляце сеткі — не вялікія, а такія прадуктовыя, якія ў СССР звалі „авоські“. Трохі займаецца спортам, але па-ранейшаму скардзіцца, што ў яго баліць галава», — сказала Алена Каваленка.

Паводле яе слоў, медыцынская пасылка, якую яна адправіла мужу з паштовага аддзялення, што абслугоўвае магілёўскую калонію № 19, да Сяргея Каваленкі яшчэ не дайшла, хоць прайшоў ужо тыдзень.

Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года па абвінавачанні ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК).
Гаворка ідзе пра пакаранне, якое было вынесена апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска.

У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання ён абвясціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі прыкладна два месяцы.

18 мая Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Каваленкі на прысуд. У магілёўскую калонію апазіцыянер быў этапаваны 19 мая.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні