Аўтуховіч можа не атрымаць належнага яму спаткання з дачкой і жонкай

Асуджаны ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч можа не атрымаць належнага яму спаткання з дачкой і жонкай, якое планавалася ў канцы ліпеня. Пра гэта ён напісаў у лісце Вользе Мікалайчык, рэжысёру фільма «Вандроўка па бясконцай вайне», прысвечанага Аўтуховічу, паведаміў праваабаронца Алег Волчак.

«Я разлічваў, што з Польшчы прыедзе мая дачка, і жонка разам з ёй прыедуць да мяне на спатканне ў канцы ліпеня. Аднак не заўсёды атрымліваецца, як ты плануеш. Я яшчэ дакладна не ведаю, але мне ўжо расказалі, што спаткання з жонкай у ліпені не будзе. Толькі праз паўгода пасля апошняга спаткання. А да гэтага казалі, што няма ніякіх перашкод. Я яшчэ раз звярнуўся з запытам, ці канчатковае гэта рашэнне. Буду чакаць адказу», — напісаў Аўтуховіч у лісце.

Як адзначыў Волчак, падчас апошняга спаткання з маці ў яе адмовіліся прыняць прадуктовую перадачу для Аўтуховіча.

З гэтай прычыны ваўкавыскі прадпрымальнік напісаў: «Разумею, што не проста так адмовілі маці ў перадачы прадуктаў, паколькі ўсё да гэтага спаткання было дамоўлена з усімі. Але гэтым разам перадачу не забароняць, паколькі па законе я магу атрымаць яе пасля 25 ліпеня. Вось толькі не ўбачу жонкі і дачкі».

«Я лічу, што хтосьці наверсе стварае выпрабаванні, хоча да чагосьці падштурхнуць. Дурні, калі думаюць так на мяне націснуць. Я ніколі не адракуся ад сваіх жыццёвых поглядаў і прынцыпаў», — піша Аўтуховіч.

Як адзначыў Волчак, яму незразумела, чаму Аўтуховіча пазбаўляюць сустрэчы з жонкай і дачкой. «Да гэтага ў яго ішло ўсё добра, заўваг з боку адміністрацыі турмы не было. Мікалай нават пісаў пару месяцаў таму жонцы, што яму зменяць рэжым на мякчэйшы. Ствараецца ўражанне, што хтосьці наўмысна нагнятае становішча вакол палітзняволеных перад амністыяй. Аўтуховіч як ветэран баявых дзеянняў у Афганістане, які мае ўрадавыя ўзнагароды, праблемы са здароўем, павінен патрапіць пад амністыю. Можа быць, таму вакол яго ствараюць нервовасць, каб справакаваць на нейкія дзеянні», — лічыць Волчак.

***

У маі 2010 года Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі. 17 студзеня ў івацэвіцкай калоніі № 5 адбыўся суд над прадпрымальнікам у сувязі з парушэннем ім рэжыму ўтрымання. Суд прызнаў яго вінаватым у злосным парушэнні рэжыму. Цяпер Аўтуховіч знаходзіцца ў турме № 1 Гродна ў двухмеснай камеры.

Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча палітзняволеным, указваючы на сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні