Эдуарда Лобава наведалі маці і брат

Маці палітвязня Эдуарда Лобава вярнулася з трохдзённага спаткання з сынам, якое прайшло на тэрыторыі івацэвічскай калоніі “Воўчыя норы”. Разам з Марынай Лобавай зняволенага актывіста “Маладога Фронту” наведаў і ягоны брат – Уладзіслаў.

Браты не бачыліся з лета мінулага года. Марына Лобава кажа, што Эдуард трымаецца бадзёра. “Са здароўем у яго праблем няма, як і няма асаблівай надзеі на хуткае вызваленне”, – кажа Марына Лобава.

– У сувязі з тым, што амбасадары Еўрасаюзу выехалі з краіны, ён не адчувае вялікіх надзей на вызваленне. Ён не бачыць нічога, што б падзейнічала на рэжым і паскорыла іх вызваленне.

Марына Лобава кажа, што ўцэлым спатканне прайшло нармальна. Адміністрацыя калоніі дазволіла перадаць 15 кілаграмаў прадуктовай перадачы з дазволеных 30-ці. Па словах Марыны Лобавай, наступнае спаканне з сынам запланавана на чэрвень.

Маладафронтавец Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму за нібыта здзейсненае хуліганства. Яго і ягонага паплечніка Змітра Дашкевіча абвінавацілі ў бойцы з мінакамі. Праваабаронцы лічаць, што бойка была справакавана супрацоўнікамі спецслужбаў, і прысуд мае выразны палітычны падтэкст.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Артур Фінькевіч
  • Сяргей Скрабец
  • Андрэй Пачобут
  • Мікола Маркевіч
  • Аляксандар Атрошчанкаў