Сяргей Каваленка працягвае галадоўку

Актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Сяргей Каваленка з Віцебска працягвае галадоўку. Ён важыць ужо 51 кілаграм пры росце 1 метр 82 сантыметры.

У другой палове дня 12 сакавіка з ім павінна сустрэцца жонка Алена Каваленка. Галадаючы апазіцыянер знаходзіцца зараз у Рэспубліканскім турэмным шпіталі, які месціцца на тэрыторыі мінскага следчага ізалятара. Дазвол на сустрэчу, па словах Алены Каваленкі, выдала суддзя Жук з Віцебска, якая і асудзіла Каваленку. Гэта апошні ў гэтым месяцы дазвол.

– На апошнюю сустрэчу ў гэтым месяцы дазвол у мяне. Яшчэ маці пасля паедзе. Сяргей працягвае галадоўку, ужо важыць 51 кілаграм. Кепска, кепска… Ужо рухі ўсе замаруджаныя.

Сяргей Каваленка пачаў галадоўку яшчэ 19 снежня 2011 года. Праз 30 дзён пад ціскам адміністрацыі Віцебскага СІЗА ён яе прыпыніў. І ўзнавіў 8 лютага, пасля таго, як у інтэрнэце з’явіўся абразлівы відэаролік, патаемна зняты ў віцебскім СІЗА, дзе паказана, як ён ужывае ежу.

Каваленка асуджаны за ўхіленне ад пакарання ў выглядзе абмежавання свабоды на 2 гады і 1 месяц зняволення. А да абмежавання волі ён прысуджаны за тое, што вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску ўзімку 2010 года.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні