Статкевіч “схільны да нападу і ўцёкаў”

Жонка палітвязня распавяла журналістам “Белсату”, пра што піша ў сваіх лістах Мікола Статкевіч.

“Доўгі час, ні са Шклова, ні з Магілёва я ад яго лістоў не атрымлівала, хоць ведаю, што іх было напісана дастаткова шмат”, – гаворыць Марына Адамовіч. Жонка асуджанага кандыдата на прэзідэнта атрымала два невялікія лісты, якія Мікола Статкевіч напісаў адразу па выхадзе са штрафнога ізалятару шклоўскай калоніі. “Першы ліст літаральна на паўстароначкі – Мікола спяшаўся напісаць, каб я не хвалявалася, паведаміць, што ён выйшаў з ШІЗА, што ён у камеры і што пасля паўтарамесячнага перабывання ў адзіночным зняволенні адаптуецца пакрысе да турэмных умоваў”, – распавядае жонка палітвязня.

З першага ліста Марына Адамовіч даведалася, што адміністрацыя шклоўскай калоніі прызнала Міколу Статкевіча “схільным да нападу і да ўцёкаў”. “Мабыць, з гэтай нагоды ў Магілёве ў яго забралі цюбік з гелем для галення. Як жартуе Мікола, мабыць, каб не напаў з металічным цюбікам на мясцовую адміністрацыю”.

У другім лісце палітвязень піша пра этапаванне ў Магілёў. “Ён піша, што ўмовы ў турэмным карцэры больш жорсткія, чымся ў калоніі, на ноч там не выдавалі тую самую ватоўку, якую забавязаныя выдаваць вязням, асабліва зімовым часам, – гаворыць Марына Адамовіч. – І дастаткова радасна паведамляе, што ў яго цяпер ёсць мажлівасць гуляць цягам гадзіны ў турэмным дворыку, праўда, у суправаджэнні сабакаў. Ён жартуе: ты ж ведаеш, як я люблю сабакаў, так што ў мяне цяпер ёсць магчымасць бачыць іх кожны дзень”.

“І самае істотнае, што я хацела б данесці: Мікола просіць падзякаваць людзям, якія яго падтрымліваюць, і просіць перадаць ім, што іхныя словы – у ягоным сэрцы, нават калі ён не здолеў адказаць – праз аб’ектыўныя прычыны. Вялікі дзякуй”, – дадала Марына Адамовіч.

belsat.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Анатоль Лябедзька
  • Алег Сурган
  • Мікалай Аўтуховіч
  • Вадзім Кабанчук
  • Мікола Астрэйка