Дзмітрый Бандарэнка напісаў прашэнне аб памілаванні

Дзмітрый Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава, напісаў прашэнне аб памілаванні. Як паведаміла БелаПАН жонка палітыка Вольга Бандарэнка, пра гэта ён сказаў ёй 4 лютага ў тэлефоннай гутарцы.

Паводле яе слоў, прашэнне аб памілаванні Дзмітрый напісаў 1 лютага. Раней яму было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні, нягледзячы на цяжкі стан здароўя.

У канцы студзеня стала вядома, што палітыку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі Магілёва № 15. Пра гэта Бандарэнка паведаміў жонцы ў тэлефоннай размове 29 студзеня.

У прыватнасці, з 30 студзеня яму забаронена карыстацца мыліцай, на якую ён абапіраўся пры хадзьбе. “Яму не дазволены зручны мяккі абутак, які я яму перадавала, — паведаміла жонка палітыка. — Зараз ён павінен будзе нахіляцца, каб надзяваць цвёрдыя турэмныя чаравікі. Забаронена днём ляжаць — ён павінен выходзіць на паверку на пляц, хадзіць у страі. Яму прадпісаны лёгкія віды работ”.

Паводле слоў Вольгі Бандарэнкі, яна “не можа ўявіць”, як яе муж будзе хадзіць у страі, “бо нават па лесвіцы ён спускаўся з асцярожнасцю”. “Як ён будзе на марозе стаяць? Для пазваночніка і суставаў холад згубны. Не магу ўявіць, якія работы ён можа выконваць, бо ён не можа рэзка паварочвацца, яму нельга падымаць цяжар, седзячы працаваць ён таксама не можа. Нават падчас нашага спаткання ён некалькі разоў уставаў — яму цяжка сядзець. Чаму яго перавялі на такі рэжым? У яго ж не было ніводнага спагнання”, — сказала жонка зняволенага.

Муж цікавіўся ў яе, як бы яна паставілася да таго, што ён напіша прашэнне аб памілаванні, паведаміла Вольга.

Дзмітрый Бандарэнка асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені яму зрабілі аперацыю на пазваночніку ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска.

Нагадаем, 24 студзеня стала вядома, што Андрэй Саннікаў падпісаў прашэнне аб памілаванні. Паводле слоў яго жонкі Ірыны Халіп, ён вымушаны быў гэта зрабіць пад уздзеяннем катаванняў. Спасылаючыся на словы Саннікава, Халіп паведаміла, што прашэнне было падпісана яшчэ 20 лістапада. Аднак у МУС сцвярджаюць, што гэта адбылося 23 снежня, а 23 студзеня дакумент нібыта паступіў у Адміністрацыю прэзідэнта.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікіта Ліхавід
  • Уладзімер Лобан
  • Павал Вінаградаў
  • Яўген Васьковіч