З Васьковічам сустрэлася маці

18 студзеня асуджаны актывіст незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўген Васьковіч сустрэўся ў магілёўскай папраўчай установе «Турма № 4» з маці. Паводле Рушаньні Іванаўны, спатканьне доўжылася больш за гадзіну. Яно першае за час сынавага зьняволеньня.

«Трымаецца ён малайцом. Я чакала горшага. Пераказваў усім на волі вялізныя вітаньні, віншаваў з прамінулымі сьвятамі, дзякаваў за допісы й дапамогу. У камэры іх трое. Як я зразумела, і тэлевізар там ёсьць, і кнігі чытаюць, газэты атрымліваюць. Навіны ён ведае. Ад 10 сьнежня да 24-га сядзеў у ШЫЗА, потым, не выходзячы, яшчэ дзесяць сутак далі. 6 студзеня ізноў туды трапіў і ў панядзелак толькі выйшаў. Іх злуе, што ён усё робіць з усьмешкай. Пад вачыма ў яго чорныя кругі. Казаў: «Матуля, не перажывай — вам там горш, чым мне тут», — паведаміла пра спатканьне Рушаньня Іванаўна.

Яўгена Васьковіча затрымалі летась 17 студзеня і асудзілі на дзесяць сутак арышту нібыта за дробнае хуліганства. 16 студзеня ён удзельнічаў у Магілёве ў акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі. Калі ж ён адбыў адміністрацыйны арышт, яго пакінулі ў няволі, а пазьней выставілі абвінавачваньне паводле артыкула «Злоснае хуліганства».

У траўні 2011 году Яўгена Васьковіча і двух прыхільнікаў ідэяў анархізму, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава, Бабруйскі суд прызнаў вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясеньні шкоды ў асабліва буйных памерах. Усім тром прысудзілі па сем гадоў пазбаўленьня волі ўзмоцненага рэжыму за напад на будынак бабруйскага КДБ. Сьледзтва выявіла, што ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году хлопцы кінулі ў будынак бабруйскага КДБ дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава».

Васьковіч прызнаў факт нападу, але не пакаяўся. Пракапенка і Сырамалотаў віну прызналі і раскаяліся. Яўген Васьковіч у адным зь лістоў сваім паплечнікам заявіў, што ён не прыхільнік анархісцкіх ідэяў і лічыць сябе беларускім нацыяналістам.

Да пераводу ў турму № 4 Яўген Васьковіч адбываў пакараньне ў Магілёўскай папраўчай калёніі № 15. У гэтую ж турму са Шклоўскай калёніі № 17 этапаваны й былы кандыдат на прэзыдэнцтва, палітвязень Мікалай Статкевіч. Адміністрацыі калёніяў прызналі Васьковіча й Статкевіча злоснымі парушальнікамі рэжыму.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Антон Койпіш