Сваякі просяць выпусціць Сяргея Каваленку пад заклад

Віцебскага актывіста Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Сяргея Каваленку просяць выпусціць пад заклад.

Адпаведную заяву скіравала ў следчы камітэт жонка актывіста Алена Каваленка.

Як распавяла маці палітвязня Лідзія Каваленка, адказ паабяцалі даць цягам 15-ці дзён, “калі не высветляцца нейкія дадатковыя акалічнасці”. Суму грашовага закладу таксама павінны вызначыць следчыя, калі дадуць сваю згоду.

– Мы напісалі заяву з просьбай, каб яго да суда адпусцілі пад заклад дадому, каб мы маглі яго падтрымаць, ён мог бы палепшыць здароўе і мы маглі вывесці яго з галадоўкі. Але яны можа на гэта і не пойдуць, сказалі, будуць разглядаць заяву на працягу 15-ці, а можа нават і 30-ці дзён. А на заяву з просьбай аб спатканні, яны адмовілі.

Як адзначыла Лідзія Каваленка, дамагчыся вызвалення яе сына з-пад варты – гэта цяпер самае важнае.

Сяргей Каваленка ўжо 29-ты дзень трымае галадоўку на знак пратэсту супраць крымінальнага абвінавачання — яго вінавацяць у парушэнні рэжыму адбывання ўмоўнага пакарання, прысуджанага за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на навагодняй елцы 7 студзеня 2010 году.

Блізкія палітвязня лічаць, што ён можа недажыць да разгляду чарговай справы, у гэты раз нібыта за парушэнне ўмоваў “хатняй хіміі”.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні