Мікалай Аўтуховіч пераведзены на турэмны рэжым утрымання

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які знаходзіцца ў зняволенні, пераведзены на турэмны рэжым утрымання.

Як паведаміў БелаПАН яго былы адвакат Павел Сапелка, 17 студзеня ў івацэвіцкай калоніі № 5 адбыўся суд над Аўтуховічам у сувязі з парушэннем рэжыму ўтрымання ў калоніі. Суд прызнаў Аўтуховіча вінаватым у злосным парушэнні рэжыму. “На гэтай падставе суд Івацэвіцкага раёна вынес прыгавор аб змяненні меры пакарання. Два гады і тры месяцы, якія засталіся да канца адбыцця пакарання, Аўтуховіч правядзе ў турме”, — сказаў Сапелка.

Мікалай Аўтуховіч у калоні больш як дзесяць разоў прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці. “Апрача таго, адміністрацыя калоніі лічыць, што ён не стаў на шлях выпраўлення”, — сказаў Сапелка.

Як мяркуе былы адвакат, Аўтуховіч будзе адпраўлены ў турму № 1 у Гродне.

Напярэдадні разгляду справы Аўтуховіч напісаў сваім паплечнікам, што гатовы да развіцця падзей пасля 17 студзеня. Ён выказаў удзячнасць усім знаёмым і незнаёмым людзям, якія маральна падтрымлівалі яго.

“Няхай мы яшчэ не выйгралі. Але не прайгралі. Вялікі крок наперад усё ж зроблены. Інфармацыя аб парушэннях правоў чалавека становіцца публічнай, — зазначыў Аўтуховіч.

“Я пратэстую, таму што ўспрымаю жыццё такім, якое яно ёсць насамрэч, а не такім, якім яго хочуць паказаць тыя, хто ва ўладзе. Няхай ведаюць, што не кожны прагінаецца ў выніку бязмежжа і не з кожнага можна зрабіць жывёліну. Я не гандлюю сумленнем, быў, ёсць і застаюся чалавекам, міма зла не праходжу і маўчаць не буду”, — заявіў прадпрымальнік.

У маі 2010 года Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы.

Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча палітзняволеным і ўказваюць на сур`ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.

На мінулым тыдні пакаранне зрабілі больш жорсткім яшчэ аднаму палітзняволенаму — кандыдату ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалаю Статкевічу. Ён пераведзены са шклоўскай калоніі № 17 у магілёўскую турму № 4. На думку адміністрацыі калоніі, Статкевіч “не стаў на шлях выпраўлення”, “да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца” і пасля адбыцця пакарання мае намер “праводзіць злачынны лад жыцця”.

На думку правааабронцаў, такім чынам улады аказваюць ціск на палітзняволеных, якія прынцыпова не прызнаюць сваёй віны і карыстаюцца аўтарытэтам сярод іншых асуджаных.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валеры Леванеўскі
  • Анатоль Букас
  • Мікола Астрэйка