Мікалай Статкевіч адпраўлены ў ШІЗА магілёўскай турмы № 4

Асуджаны экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч пасля прыбыцця ў магілёўскую турму № 4 быў накіраваны на 10 дзён у штрафны ізалятар за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання. Пра гэта паведаміла журналістам жонка палітыка Марына Адамовіч.

У Магілёве з ёю сустрэўся начальнік турмы Аляксандр Ламаза. “Ён прыняў мяне, хоць гэта не быў прыёмны час. Сказаў, што Мікалай тут, што атрымаў пакаранне наўздагон, але прычыны ён не назваў”, — сказала Адамовіч. Паводле яе слоў, пакаранне палітзняволены атрымаў яшчэ ў шклоўскай калоніі № 17 ужо пасля суда 12 студзеня. На судзе была прынята пастанова аб больш жорсткім пакаранні Статкевіча і пераводзе яго на турэмны рэжым адбыцця пакарання на тры гады.

Марына Адамовіч мяркуе, што прычынай знаходжання яе мужа ў штрафным ізалятары з’яўляецца выключна непрыязнае стаўленне да Статкевіча з боку начальніка шклоўскай калоніі Сяргея Ермаліцкага. “Спадар Ермаліцкі наўздагон, ужо пасля суда, знайшоў прычыну, каб яшчэ нагадзіць”, — заявіла Адамовіч.

Паводле яе слоў, знаходжанне ў турме прадугледжвае строгі рэжым, гэта значыць адно кароткае спатканне на год і адна бандэроль да 2 кг у якасці прадуктовай перадачы.

Жонка палітыка зазначыла, што прэтэнзій з яе боку да начальніка турмы Аляксандра Ламазы пакуль няма.

belapan.com

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні