24 студзеня адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі Бяляцкага

Разгляд касацыйнай скаргі праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў Мінскім гарадскім судзе прызначаны на 24-га студзеня. Пра гэта жонцы Бяляцкага Наталлі Пінчук паведамілі сёння ў сталічным гарадскім судзе.

“Наталля Пінчук прыйшла ў суд, каб атрымаць дазвол на спатканне з мужам. Аднак там ёй сказалі, што ў суд ужо паступілі дакументы ў дачыненні да Бяляцкага і разгляд яго касацыйнай скаргі прызначаны на 10 гадзін раніцы 24-га студзеня”, – паведаміў калега Бяляцкага Валянцін Стэфановіч. Ён таксама паведаміў, што праваабаронцы сабралі практычна ўсю суму, неабходную для пагашэння шкоды, якую нібыта нанёс дзяржаве асуджаны Бяляцкі.

Валянцін Стэфановіч:

– Сёння ягоная жонка хадзіла ў суд Першамайскага раёна, каб атрымаць дазвол на спатканне. Там ёй паведамілі, што матэрыялы ў судзе Першамайскага раёна не знаходзяцца, бо былі накіраваны ў Мінскі гарадскі суд.

Па дадзеных на 6-га студзеня, на рахунак Наталлі Пінчук ужо паступіла 735 мільёнаў 59 тысяч рублёў добраахвотных ахвяраванняў. “Шкода, нібыта прынесеная Бяляцкім дзяржаве, будзе аплочана да разгляду касацыйнай скаргі, і гэта можа паўплываць на рашэнне Мінскага гарадскога суда аб змякчэнні прысуду”, – адзначыў Стэфановіч.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні