На 12-га студзеня прызначаны новы суд над Міколам Статкевічам

Суд аб пераводзе кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах Міколы Статкевіча з калоніі ў крытую турму адбудзецца 12-га студзеня.

Жонка палітвязня Марына Адамовіч атрымала афіцыйны дакумент з калоніі. Міколу Статкевічу пагражае прызначэнне больш жорсткага турэмнага рэжыму за нібыта рэгулярныя парушэнні турэмнай дысцыпліны. Адамовіч лічыць, што Статкевіча адправяць у Магілёўскую крытую турму ўжо 13-га студзеня. А суд прызначаны адмыслова для гэтага.

Марына Адамовіч:

– Ён зараз знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу. Не паспелі яны яго туды перавесці, як адразу правялі камісію і прызналі яго злосным парушальнікам. Адразу ж вызначылі, што яго будуць судзіць. Пытанне было толькі ў прызначэнні даты суда. На сённяшні дзень было паведамленне, што суд будзе 12-га студзеня. Да гэтага нам было вядома, што 13-га студзеня будзе этап на Магілёў. Шчыра кажучы, мы так і думалі, што пад гэтую дату яны і падгадаюць. Гэта спраўдзіла нашыя самыя горшыя падазрэнні.

“Калі суд прызнае Міколу Статкевіча злосным парушальнікам дысцыпліны, яго ўмовы адбывання пакарання пасля пераводу ў турму могуць істотна пагоршыцца,” – адзначае жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Марына Адамовіч. Па горшым сцэнары, у Міколы Статкевіча ў тым ліку зменшыцца колькасць спатканняў са сваякамі з двух доўгіх і трох кароткіх да аднаго кароткага штогод. Будзе дазволена толькі адна бандэроль вагой да двух кілаграмаў замест трох вагой да 30 кілаграмаў.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Мядзьведзь
  • Уладзімір Кондрусь
  • Мікалай Аўтуховіч
  • Анатоль Лябедзька
  • Юры Казак