Саннікава па-ранейшаму трымаюць за кратамі ў ізаляцыі

Палітзняволены кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, які адбывае пакаранне ў калоніі “Віцьба – 3”, працягвае знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі.

Адміністрацыя калоніі адмаўляе ва ўсіх спробах адвакатаў, праваабаронцаў ці родных спаткацца з ім. Па словах жонкі палітыка Ірыны Халіп, начальнік гэтае ўстановы Віталь Агністыкаў сцвярджае, што з Саннікавым усё ў парадку. Але ці гэта праўда, Ірына Халіп не ўпэўнена:

– Згодна з ягоным рэжымам адбывання пакарання, ён мае права на кароткае спатканне і перадачу. На конт спаткання мяне папярэдзілі, каб нават не разлічвала – нікога не пусцяць. Нічога пра яго невядома, ніводзін ліст ад яго не даходзіць. Я разумею, што да яго лісты не даходзяць таксама. Я не ведаю, што думаць. І начальнік калоніі ахвотна распавядае, што ўсё з ім цудоўна: маўляў, мы сустракаемся двойчы на тыдзень. Але вось больш ніхто яго пабачыць не можа. А чаму я павінна верыць нейкаму начальніку калоніі.

Адвакат Андрэя Саннікава, не дабіўшыся гарантаванай законам сустрэчы з падабаронным, накіравала шэраг скаргаў у пракуратуру і дэпартамент выканання пакаранняў. Аднак на іх прыходзяць адпіскі, у якіх тлумачыцца парадак прадстаўлення арыштаваным юрыдычнай дапамогі згодна з Канстытуцыяй, Крымінальна-працэсуальным кодэксам і іншымі законамі.

Ірына Халіп збірае гэтую перапіску, каб надрукаваць яе ў прэсе як узор злоснага бюракратычнага абсурду.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Брэўс
  • Павал Красоўскі
  • Кастусь Лукашоў
  • Мікіта Емельянаў
  • Леанід Сьвецік