БХД заклікае да салідарнасці з Яўгенам Васьковічам

Актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Васьковіч ужо на працягу месяца знаходзіцца ў штрафным ізалятары турмы № 4 Магілёва.

У карцар Яўгена Васьковіча змясцілі яшчэ 19 кастрычніка. Пра гэта нам стала вядома пасля наведвання актывіста адвакатам, як кажа адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі:

– Адвакат сустрэўся з Яўгенам Васьковічам. Ён зноўку сядзіць у карцары. Пасля таго, як трапіў у турму №4, ён знаходзіцца ўжо 30 дзён у карцары. Яго кормяць толькі вадой і хлебам, абмежаваныя цалкам кантакты. Гэта фактычна катаванне. Будзем з дапамогай міжнароднай супольнасці патрабаваць спыніць катаванні. Мы заклікаем да салідарнасці з Яўгенам. Заклікаем як мага больш пісаць лістоў. Магчыма, многія не дойдуць. Але хоць некалькі могуць дайсці. І гэта для яго будзе вельмі вялікай падтрымкай.

Яўгена Васьковіча і двух прыхільнікаў ідэяў анархізма Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі за напад на будынак бабруйскага КДБ у кастрычніку 2010 года. У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года хлопцы кінулі ў будынак КДБ дзве бутэлькі з “кактэйлем Молатава”. Яўген Васьковіч прызнаў факт нападу, але не пакаяўся. Пракапенка і Сырамалотаў віну прызналі і раскаяліся. Бабруйскі суд прызнаў іх вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясенні шкоды ў асабліва буйных памерах.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Аляксандар Баразенка
  • Анатоль Паўлаў
  • Аляксей Шыдлоўскі
  • Алесь Кіркевіч