Сайт часова не абнаўляецца. Палітычныя вязьні за 2020 год знаходзяцца тут https://prisoners.spring96.org/

Blog

2 Articles

Зьміцер Касьпяровіч: “Нас сустракалі суткамі карцэру, дзе нават не было куды ўпасьці”

Зьміцер Касьпяровіч: “Нас сустракалі суткамі карцэру, дзе нават не было куды ўпасьці”

Інтэрв’ю з палітвязьнем Зьміцерам Касьпяровічам.

— Зьміцер, у 2006 годзе вы ажыццявілі мару многіх беларусаў пра тое, каб на афіцыйных будынках разьвяваліся нацыянальныя сьцягі. Як наважыліся вывесіць сьцяг на Менгарвыканкаме?

— Гэта быў у мяне не першы выпадак вывешвання сьцяга і другое маё затрыманне пры гэтым. Першы раз так здарылася яшчэ ў 99-м годзе, калі мы з сябрам павесілі сьцяг на былой “глушылцы”, цяпер вежы “БелСела”.

Зьміцер Касьпяровіч

Зьміцер Касьпяровіч

Зьміцер Касьпяровіч — моладзевы актывіст з Менску, сябра БНФ. Нарадзіўся 25 лютага 1982 году ў Менску. Пасьля сканчэньня  школы № 65 г. Менску атрымаў вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў па спэцыяльнасьці “Музэйная справа, ахова помнікаў гісторыі і культуры”.

Яшчэ са школьнага ўзросту (з 15 гадоў) Зьміцер стаў актывістам моладзевай фракцыі БНФ, пазьней — адным з заснавальнікаў “Маладога Фронту”. Абіраўся сябрам Рады гэтай арганізацыі. З 2009 году — лідэр “Маладой Беларусі”. У 2001 г. быў адным з абаронцаў мэмарыяльнага комплексу ў Купапатах, калі ўлады планавалі пракласьці шашу празь месца масавых сталінскіх расстрэлаў.

Зьміцер Касьпяровіч шмат гадоў бярэ актыўны ўдзел у адраджэньні культурнай і архітэктурнай спадчыны Беларусі. Так, да 2010 г. ён зьяўляўся старшынём менскай гарадзкой арганізацыі Таварыства аховы помнікаў Беларусі. Затым быў абраны сябрам яго рэспубліканскай рады.

Балатаваўся ў дэпутаты мясцовых саветаў, але абраны ня быў (паводле афіцыйных дадзеных, апынуўся на 2-м месцы пасьля пераможцы). У 2012 г. браў удзел у парлямэнцкіх выбарах, але зьняў сваю кандыдатуру і заклікаў выбарцаў да байкоту.

Храналёгія перасьледу

Крымінальная справа супраць Зьміцера Касьпяровіча, затрыманага ў ноч з 17 на 18 студзеня 2006 г., была ўзбуджаная па падазрэньні ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў. Зьміцер Касьпяровіч спрабаваў зьняць афіцыйны сьцяг з будынку Менгарвыканкаму, бо лічыць яго сталінскім.

Па арт. 370 Крымінальнага кодэксу “Зьнявага дзяржаўных сымбаляў” не прадугледжваецца пазбаўленьне волі (максымальнае пакараньне — 1 год абмежаваньня волі), а таксама ўтрыманьне пад вартай да суду. Аднак абвінавачваньне З. Касьпяровічу было прад’яўленае па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства), і пакараньне, прадугледжанае па гэтым артыкуле — 3 гады пазбаўленьня волі. Мерай стрыманьня пракуратура абрала ўтрыманьне пад вартай, да суду Зьміцер Касьпяровіч знаходзіўся ў СІЗА г. Менску.

Затрыманыя ў межах гэтай справы Павал Батуеў і Зьміцер Гаўрусік пасьля праведзеных сьледчых дзеяньняў (допыты, вобшукі) былі адпушчаныя на свабоду без прад’яўленьня абвінавачаньня, справа супраць іх была спыненая.

27 лютага суд Маскоўскага раёну Менску вынес рашэньне па справе Зьмітра Касьпяровіча — арышт тэрмінам на пяць месяцаў. Актывіст не пагадзіўся з абвінавачваньнем і заявіў, што гатовы адказваць за зьнявагу дзяржаўнага сьцягу, але не за хуліганства. Прысуд быў абскарджаны адвакатам у касацыйным парадку ў судовай калегіі па крымінальных справах Менскага гарадзкога суду, аднак скарга была пакінутая без задавальненьня, а прысуд бязь зьменаў.

Пакараньне Зьміцер адбываў у турме г. Жодзіна. 28 красавіка 2006 г. быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова.