Сайт часова не абнаўляецца. Палітычныя вязьні за 2020 год знаходзяцца тут https://prisoners.spring96.org/

Blog

5 Articles

Анатоль Лябедзька: Уладам перыядычна даводзіцца выцягваць “шкілеты” са старой “шафы”

imagesСтаршыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які пасля снежаньскіх падзей 2010 году апынуўся ў ізалятары КДБ, успамінае тыя часы, а таксама распавядае пра сёняшні стан рэпрэсій у краіне, палітвязняў і “градус страха”.

“Падчас Плошчы-2010 улада прадэманстравала ўсе свае здольнасці, а грамадства моцна заразілася вірусам страха, які жыве ў большасці людзей і па сёняшні дзень”, – распавёў палітык сайту palitviazni.info.

Анатоль Лябедзька: У СІЗА я ўсё вытрымаў…

 ai-162860-aux-head-20150803_lebedko_360У інтэрв’ю сайту palitviazni.info  старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавядае пра тое, як і навошта прыйшоў у палітыку, падзяліўся ўласным досведам знаходжання за кратамі, а таксама адказаў на пытанне, чаму ні на адных выбарах у беларускай апазіцыі не было шанцаў на перамогу.

“Я не вяду ўліку тых сутак, якія правёў ў няволі, – кажа палітык. – Колькі сядзеў, столькі сядзеў… На вялікі жаль, сістэма ў Беларусі адбудавана так, што любы з нас, які адкрыта выказвае свае перакананні, можа апынуцца за кратамі. Адным з самых цяжкіх выпрабаванняў для мяне і для маёй сям’і была мінулая прэзідэнцкая кампанія, калі я апынуўся у сумнавядомай  “амерыканцы”. І гэта быў чарговы акт застрашэння нязгодных з боку ўлады. У СІЗА КДБ рыхтаваліся да “наплыву” палітычных. Там нават змянілі начальніка і ўвялі ў адміністрацыю невядомых людзей у чорных масках. Гэта было жудасна… Нас мэтанакіравана збівалі,  прыніжалі, прымушалі спаць на дошках… Карацей, выкарыстоўвалі ўсе метады, каб зламаць. Мяне ламала не столькі знаходжанне ў “амерыканцы”, колькі адсутнасць якой-небудзь інфармацыі ад родных і блізкіх. Але вытрымаў і актыўную палітычную дзейнасць не кінуў”.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лідэр АГП. Нарадзіўся 27 чэрвеня 1961 года ў вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў там школу, тры гады працаваў мэханізатарам у калгасе імя Суворава ў сваім раёне. Пасьля паступіў у Менскі пэдагагічны інстытут на факультэт гісторыі і францускай мовы, які пасьпяхова скончыў у 1985 г.

З 1985 па 1987 гг. служыў у Савецкай Арміі. Затым працаваў намесьнікам дырэктара Ашмянскай школы-інтэрната на Гарадзеншчыне. У 1990 г. абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, займаў пасаду намесьніка старшыні Камісіі ВС па справах моладзі. У 1992 г. стварыў Беларускую асацыяцыю маладых палітыкаў і быў абраны яе кіраўніком. У 1993 г. скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Падчас выбараў прэыдэнта 1994 г. працаваў у камандзе А. Лукашэнкі, сыйшоў з-за канфлікту, уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП). У 1995 г. пераабраны ў ВС 13-га скліканьня, быў намесьнікам старшыні Камісыі па міжнародных справах. У лістападзе 1996 г. рэфэрэндум не прызнаў і пры роспуску Вярхоўнага Савету ў Нацыянальны Сход перайсьці адмовіўся.

На Кангрэсе дэмакратычных сілаў у 2005 г. саступіў усяго на некалькі галасоў А. Мілінкевічу, ледзь не стаў адзіным кандыдатам ад апазыцыі на выбарах прэзыдэнта 2006 г. Балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2008 г., але прайграў.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у камандзе кандыдата ад АГП – свайго намесьніка Яраслава Раманчука.

Храналёгія перасьледу

Шмат разоў трапляў пад рэпрэсіі ўладаў за сваю палітычную дзейнасьць, і пад канец 1990-х гадоў стаў свайго кшталту рэкардсмэнам па працягласьці адбытых па палітычных матывах адміністратыўных арыштаў. Некалькі разоў быў абвінавачаны ў паклёпе на дзеючага прэзыдэнта, быў зьбіты каля свайго дома невядомымі ў масках. 19 кастрычніка 2004 г. разам зь Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам быў арыштаваны за ўдзел у пратэстных акцыях супраць рэфэрэндуму, які дазволіў А. Лукашэнку балатавацца на трэці тэрмін. Пры затрыманьні быў моцна зьбіты міліцыяй (трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай, пераломамі рэбраў і пашкоджаньнямі ўнутраных органаў).

Пасьля Плошчы-2010 у ноч на 20 сьнежня затрыманы сіламі дзяржбясьпекі ў сябе дома. Зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

6 сакавіка 2011 г. Анатоль Лябедзька быў вызвалены зь СІЗА пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня 2011 г. крымінальная справа супраць А. Лябедзькі была спыненая “ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньнях складу злачынства”.