Blog

3 Articles

Святлана Ціханоўская: Сяргей просіць нас трымацца…

Жонка блогера youtube-канала “Страна для жизни” Сяргея Ціханоўскага, які зараз знаходзіцца за кратамі і прызнаны палітвязнем, распавяла сайту palitviazni.info пра тое, як зараз ціснуць на яе мужа.

“Вельмі складана даводзіцца, – кажа Святлана Ціханоўская. – Муж — за кратамі, дзяцей таксама я практычна не бачу. Але трымаюся…”

Зміцер Дашкевіч: Яшчэ невядома, супраць каго распачатая крымінальная справа спрацуе

Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч пракаментаваў сайту palitviazni.info гучную палітычную справу блогера Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў, якія застаюцца пад вартай.

“Гэта выразнае паўтарэнне справы з удзелам “фрау “А.”, – кажа Зміцер. – Зараз, калі дзеля затрымання Ціханоўскага і яго каманды ўлады выкарысталі прастытутку, можна адназначна казаць пра “фрау Б.”

Сяргей Ціханоўскі

Сяргей Ціханоўскі – беларускі блогер, аўтар і вядучы канала “Страна для жизни.

Нарадзіўся 18 жніўня 1978 году ў Гомелі. Закончыў філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.

“Пасля пайшоў працаваць, адкрываў начныя клубы ў Гомелі і Мазыры, – распавядаў пра сябе Сяргей svaboda.org. – Канцэрты арганізоўвалі, працавалі з дзяржавай.

Аддзелы культуры ў нас імпрэзы замаўлялі, пастаноўку сцэны. “Агату Крысці” прывозілі, беларускіх артыстаў, “Ляпісаў”. Дзесяць гадоў я так працаваў, і ў нейкі момант мне ўсё надакучыла”.

Пасля 2004 году Сяргей Ціханоўскі каля году працаваў у аддзеле маркетынгу кампаніі МТС, а затым заняўся бізнесам. Яму належыць студыя “Компас прадакшн”, сфера дзейнасці – відэаздымкі. Фірма працавала на тэрыторыі Расіі і Украіны. Напрыклад, кампанія здымала кліпы для расійскага гурту “Прапаганда” і рабіла відэапрэзэнтацыі беларускай вайсковай тэхнікі.

У 2019 годзе Сяргей Ціханоўскі завёў відэаблог. Першыя відэа з’явіліся ў сярэдзіне сакавіка.

Сяргей кажа, што блогерам стаў амаль выпадкова. Заняўся арганізацыяй аграсядзібы недалёка ад Гомеля і сутыкнуўся з бюракратыяй. Расказаў гэтую гісторыю журналістам, зняў з дапамогай знаёмых відэа. Паступова ад сацыяльна-бытавых тэмаў перашоў да палітычных.

7 мая 2020 года на сваім YouTube канале Сяргей Ціханоўскі выпусціў відэа, у якім распавёў пра свае намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, аднак Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага, бо не было яго подпіса ў дакументах. У гэты час блогер знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання Гомеля.

Зараз Сяргей Ціханоўскі з’яўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай, якая падала дакументы ў Цэнтрвыбаркам, пакуль муж знаходзіўся за кратамі.

Хроніка пераследу

6 траўня гэтага года С. Ціханоўскі быў затрыманы пад г. Магілевам і змешчаны ў ІЧУ г. Гомеля. Падставай для затрымання блогера стала пастанова суда Савецкага р-на г. Гомеля аб адміністрацыйным арышце, вынесеным яшчэ ў студзені 2020 г. за ўдзел у акцыі пратэсту супраць г.зв. паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі, якая адбывалася 20 снежня 2019 г, паведамляе spring96.org.

19 траўня  2020 г. С. Ціханоўскі пастановай суда Савецкага р-на г. Гомеля быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе арышту тэрмінам 15 сутак. Падставай для прыцягнення ад адказнасці стала правядзенне блогерам  сустрэчаў з ягонымі падпісчыкамі ў г. Оршы і Брэсце.

Акрамя таго суд Савецкага р-на г. Гомеля  вынес пастанову аб 15-ці суткавым арышце С. Ціханоўскага за арганізацыю сустрэчаў з падпісчыкамі ў г. Салігорску і Міёрах.

Такім чынам агульны памер адмінстрацыйнага спагнання ў дачыненні да С. Ціханоўскага на бягучы момант складае 45 сутак. Па словах С. Ціханоўскага, на яго было складзена яшчэ сем пратаколаў аб адміністратыўных правапарушэннях па арт. 23. 34 КаАП за арганізацыю сустрэчаў з падпісчыкамі ў розных гарадах Беларусі, што пагражае яму доўгатэрміновай ізаляцыей.

29 траўня 2020 г. падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай, які адбываўся ў г. Гродна,  супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала “Страна для жизни”  Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія прымалі ўдзел у дадзеным пікеце.

Паводле інфармацыі журналістаў, якія непасрэдна прысутнічалі пры правядзенні пікета і вялі анлайн-трансляцыю, пікет адбываўся мірна, без парушэнняў грамадскага парадку, у адпаведнасці з патрабаваннямі арт. 45.1 ВК  Рэспублікі Беларусь.

Затрыманне  адбылося пасля яўна незаконнага ўмяшальніцтва супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскім.

30 траўня з тэлеграм-канала прэс-сакратара МУС стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел якім нібыта прымаў С. Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. На дадзены момант вядома, што Ціханоўскі і яшчэ сямёра затрыманых находзяцца ў ІЧУ г. Мінска.

Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню – заявы дзеючага кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі падчас наведвання МТЗ на адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, незаконнае ўмяшальніцтва і затрыманне С. Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянера і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ, дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да С. Ціханоўскага магла быць здзейсненая правакацыя.

Аналіз відэазапісаў падзеяў і сведчанняў відавочцаў дазваляюць  зрабіць высновы аб адсутнасці  падставаў для затрымання С. Ціханоўскага, пералічаных ва УПК Рэспублікі Беларусь, што сведчыць аб адвольным і незаконным затрыманні С. Ціханоўскага.

Прваабарончая супольнасць заявіла, што крымінальны пераслед Сяргея Ціханоўскага з’яўляецца палітычна  матываваным, а сам Ціханоўскі палітычным зняволеным.