Справа антыфашыстаў: хуліганства ці палітыка?

yxhu55eu-jwСправа мінскіх антыфашыстаў перададзена ў суд Першамайскага раёна Мінска. Іх абвінавачваюць у хуліганстве за сутычку з ультраправымі футбольнымі фанатамі. Аднага з абвінавачаных таксама будуць судзіць за кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй. Працэс пачнецца 3 лютага.

Аднадумцы антыфашыстаў  лічаць справу палітычнай матываванай.

Нагадаем, размова ідзе пра сутычку фанатаў двух сталічных футбольных клубаў – “Партызана” і “Тарпеда” – у чэрвені 2014 году. Фанаты “Партызана” вядомыя сваімі антыфашысцкімі поглядамі. Фанаты “Тарпеда” – ультраправыя.

Як паведаміла прэс-служба МУС, днём 29 чэрвеня недалёка ад гандлёвага цэнтра “Максімус” фанаты “Партызана” на некалькіх машынах заблакавалі рух тралейбуса, у якім знаходзіліся балельшчыкі “Тарпеда”.

“У тралейбусе разбілі вокны і пашкодзілі корпус, хуліганы пусцілі слезацечны газ, пасля чаго ўцяклі”, — паведаміла міліцыя.

Як паведаміла Naviny.by памочнік старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян, усяго па справе праходзяць шэсць чалавек. Чацвёра з іх – пад вартай.

Акрамя хуліганства, па інфармацыі Naviny.by,аднаму з затрыманых таксама прад’яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 193 КК. Яно мае на ўвазе «арганізацыю альбо кіраўніцтва палітычнай партыяй, іншым грамадскім аб’яднаннем, рэлігійнай арганізацыяй, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, дзейнасць якой звязана з гвалтам над грамадзянамі, альбо з нанясеннем цялесных пашкоджанняў…”

Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае арышт на тэрмін да шасці месяцаў альбо пазбаўленне волі да 3 гадоў.

Аднадумцы антыфашыстаў ужо выступілі з заявай, у якой лічаць гэтую справу палітычна матываванай.

 «Тыя, хто абвінавачваецца па “справе антыфашыстаў”, з’яўляюцца аўтарытэтамі розных груповак антыфашыскага руху Мінска і прадстаўляюць пагрозу для дзеючай улады, – гаворыцца ў заяве. – Ставіцца задача ліквідаваць усе непадкантрольныя сілавым структурам моладзевыя аб’яданнні ў Беларусі”.

Тым часам, праваабаронцы даволі асцярожна ставяцца да ацэнак па гэтай справе.

“Мы будзем назіраць за развіццём падзей, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Наста Лойка. – У справе прысутнічае гвалт, таму пакуль устрымаемся ад нейкіх ацэнак з нагоды яе палітызацыі”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Шалайка
  • Уладзімер Плешчанка
  • Зьміцер Буланаў
  • Яўген Сакрэт