Ці адменіць суд спагнанне Міхаілу Жамчужнаму?

zhemchugНа 10 гадзін раніцы 12 студзеня прызначаны разгляд скаргі Міхаіла Жамчужнага ў касацыйным парадку ў Мінскім абласным судзе па вынесеным спагнанні за нібыта самавольнае перамяшчэнне па тэрыторыі калоніі.

“На жаль, прагноз тут больш песімістычны, чым аптымістычны, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка.Але ў любым выпадку – за свае правы трэба змагацца…”

Нагадаем, што раней Барысаўскі раёны суд адмовіў палітвязню Жамчужнаму ў задавальненні скаргі за першае вынесенае спагнанне.

– Як правіла, у такіх сітуацыях суды займаюць бок адміністрацыі калоніі, і скаргі зняволеных не задавальняюць, – кажа праваабаронца, якая вядзе перапіску з Міхаілам Жамчужным. – І тут ужо не важна – ёсць там склад злачынства альбо яго няма. Зняволенаму вельмі складана зрабіць так, каб яго голас быў пачуты і ўлічаны пры вынясенні судовага рашэння. Таму ў мяне, на жаль, прагноз больш песімістычны, чым аптымістычны. Але ў любым выпадку – за свае правы трэба змагацца. Несправядлівасць трэба фіксаваць, яе неабходна абскарджваць і выказваць сваю нязгоду з тымі спагнаннямі, якія выносяцца несправядліва. Таму скарга палітвязня – гэта, хутчэй, крок змагання, чым перспектыва дачакацца справядлівасці ад суда. Сістэма не дае спадзяванняў, што спагнанне будзе адменена. Як мы ўжо ведаем, зыходзячы з раней вынесеных спагнанняў Міхаілу, яму быў прысвоены статус злоснага парушальніка рэжыму і адпаведна ў калоніі пагоршылася яго становішча. А зараз ён і ўвогуле быў адпраўлены на некалькі месяцаў у ПКТ.

–  У сваіх лістах Міхаіл Жамчужны піша, што ціск на яго ў калоніі не выпадковы…

– Наколькі вядома, адміністрацыя калоніі яму адкрытым тэкстам сказала: маўляў, перастань пісаць скаргі, тады і праблем у цябе будзе менш. Міхаіл таксама адзначае, что ціск на яго адбываецца фактычна сінхронна з ціскам на праваабаронцу Андрэя Бандарэнку, які таксама знаходзіцца за кратамі. 14 студзеня завяршаюцца следчыя дзеянні па ч. 2. арт 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), пасля чаго справа Бандарэнкі будзе перададзеная ў пракуратуру, а затым у суд. Адным словам, назіраюцца нейкія сістэмныя пагаршэнні ў становішчы людзей, якія былі аб’яднаны адной арганізацыяй і адной дзейнасцю.

***

У ліпені 2015 года Міхаіл Жамчужны  быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным выдаванні звестак, што складаюць службовую таямніцу і ў  незаконным набыцці сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую таямніцу.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Марыніч
  • Сяргей Парсюкевіч
  • Кацярына Салаўёва
  • Сяргей Скрабец
  • Зьміцер Новік