“Прызначэнне лекаў псіхатропнага зместу Лапіцкаму не ажыццяўляецца…”

img_0295Як вядома, Аляксандр Лапіцкі, якога праваабаронца прызналі палітвязнем, па рашэнні суда накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную клініку.

Усе спробы даказаць кіраўніцтву Рэспубліканскай псіхіятрычнай клінікі, што ў лякарні знаходзіцца здаровы чалавек, і просьбы як мага хутчэй прызначыць урачэбную камісію пакуль застаюцца безпаспяховымі.

Зараз Аляксандр Лапіцкі атрымаў на свой ліст адказ ад дырэктара РНПЦ псіхічнага здароўя.

Нагадаем, у 2011 годзе пенсіянер пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіянера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суда.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Аляксандр Лапіцкі здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 (“Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні здзейснены ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Гэта азначае, што пасля ўступлення пастановы ў сілу ён будзе пазбаўлены волі на перыяд прымусовага псіхіятрычнага лячэння.

Праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Лапіцкага палітвязнем.

Не так даўно сам пенсіянер і кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак звярнуліся да кіраўніцтва лякарні з просьбай, каб хутчэй была склікана ўрачэбная камісія, якая б магла ацаніць стан здароўя Лапіцкага.

“Асобы, якія маюць псіхічныя захворванні, да якіх па рашэнні суда ўжываюцца прымусовыя меры бяспекі і лячэння, павінны не раней за адзін раз у шэсць месяцаў праходзіць даследванне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй для вырашэння пытання адносна магчымасці спынення судом прымянення прымусовых мераў бяспекі альбо лячэння, – напісаў у адказе Аляксандру Лапіцкаму дырэктар РНПЦ псіхічнага здароўя А.Старцаў. – У суадноснасці з устаноўленым па выніках судова-псіхіятрычнай экспертызы дыягназам, вам аказваецца медыцынская дапамога ў суадноснасці з клінічным пратаколам аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з псіхічнымі і “поведенческими” растройствами, якія зацверджаны суадносным загадам Міністэрства аховы здароўя”.

Такім чынам, пра магчымае скліканне ў бліжэйшы час камісіі ў адказе не сказана ні слова, а вось у лісце да Алега Волчака той жа А.Старцаў пацвярджае, што да пенсіянера спецыфічнае лячэнне не прымяняецца.

“У сапраўдны час прызначэнне канкрэтных лекаў псіхатропнага зместу Лапіцкаму А.Н. не ажыццяўляецца ў сувязі з тым, што працягваецца перыяд назірання за станам яго здароўя”, – паведаміў дырэктар лякарні.

З яго слоў, урачэбная камісія будзе склікана ў “тэрміны, якія ўстаноўлены законам”, а на сёння “падстаў для звароту РНПЦ псіхічнага здароўя ў суд Фрунзенскага раёна Мінска з мэтай ініцыіраваць перад судом пытанне аб спыненні прымусовых мераў бяспекі і лячэння ў адносінах да Лапіцкага няма”.

“Пасля таго, як стала афіцыйна вядома, што Аляксандра Лапіцкага трымаюць у лякарні, але нават не прымяняюць да яго лячэнне, мы ізноў звярнуліся з лістом у Мінскі гарадскі суд, – кажа Алег Волчак. –  Відавочна, што ўрачэбная камісія, калі б сабралася, прызнала пенсіянера абсалютна здаровым і адэкватным чалавекам. Але, як бачым, урачы не спяшаюцца”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пратасеня
  • Андрэй Кім
  • Зьміцер Новік
  • Ігар Аліневіч
  • Алег Гнедчык