Уладзімір Кондрусь: Умовы “хатняй хіміі” выконваць не збіраюся…

ko1s Уладзімір Кондрусь, які 26 снежня быў вызвалены ў зале суда, распавёў сайту palitviazni.info пра падзеі 2010 году,  “псіхіятрычную экспертызу” і беларускую апазіцыю.

“Пасля Плошчы некаторыя пісалі, што я – правакатар, бегаў з нейкай торбачкай, у якой было невядома што, – кажа Уладзімір. – Дык вось сёння я магу сказаць – там былі зробленыя мною ўлёткі, у якіх я заклікаў народ да байкоту выбараў. Гэтыя ўлёткі я раскідваў у Мінску, мне падавалася, што і адзін я нешта змагу зрабіць, каб засцерагчы выбаршчыкаў ад таго цырка, якія назвалі выбарамі. Я змагаўся адзін…”

Нагадаем, судовы працэс над жыхаром г.п.Рудзенск Уладзімірам Кондрусем, якога амаль праз шэсць гадоў судзілі за ўдзел у масавых беспарадках падчас снежаньскіх падзей 2010 году, распачаўся 16 лістапада.

Аднак пасля таго, як у зале суда Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

Калі працэс працягнуўся, па выніках псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, стала вядома: маўляў, Кондрусь пакутуе і пакутваў у перыяд здзяйснення інкрымінуемых дзеянняў на расстройства асобы паранаідальнага тыпу, у момант здзяйснення злачынства не мог у поўнай ступені ўсведамляць свае дзеянні.

У выніку суд прыняў рашэнне пакараць Уладзіміра Кондруся ўмоўна – 1,5 гадамі «хатняй хіміі».

“Я, безумоўна, рыхтавалася да сутрэчы з сынам, верыла, што яго вызваляць, – распавядае Галіна Васільеўна, маці Уладзіміра Кондруся. – Нагатавала ўсяго, але ж сын у мяне навучны. Не тое, што прыехаў і натаптаўся ежы. Ён паступова ўсё робіць, пасля галадоўкі тлустага практычна нічога не есць. Былі катлеты, дык з’еў толькі адну… А вось пра сваё знаходжанне за кратамі асабліва не рассказваў. Ведаю толькі, што даводзілася не салодка. І вечарам быў вельмі стомлены. На суд жа Валодзя адмовіўся ісці, а таму яго трымалі дзесьці ў кайданках увесь той час, пакуль працягваўся працэс. Уявіце сабе, як давялося! І пра будучыню пакуль не разважалі. Няхай адпачне. Моцна пахудзеў, жоўты твар… Сын казаў, што ў Рэспубліканскую лякарню, дзе ён знаходзіўся, з усёй краіны “зэкаў” прывозяць, шмат наркаманаў і ВІЧ-інфікаваных. Баяўся, каб і самому нічога не падхапіць…”

27 снежня, на наступны дзень пасля вызвалення, Уладзімірр Кондрусь разам з бацькам адправіўся ізноў у сталіцу – забіраць з ізалятара свае рэчы.

– Забраў рэчы, якія яшчэ заставаліся, а вось ноутбук, які канфіскавалі падчас вобшуку, абяцалі аддаць толькі пасля 6 студзеня, – распавядае Уладзімір.

– Як учора правялі час пасля вызвалення?

– Толькі пад вечар прыехаў дадому, таму нічым асабліва і не займаўся. Павячэралі з бацькамі, пагутарылі… Паўгода ж дома не быў.

– Як вы пачуваеце пасля галадоўкі, якую аб’яўлялі ў ізалятары?

– Шчыра кажучы, вялікіх наступстваў няма. Усё нармальна.

– Колькі страцілі ў вазе падчас галадоўкі?

– Дакладна і не ведаю. Можа быць, пахудзеў кілаграм на пятнаццаць. Зрэшты, пра саму галадоўку і тое, як удавалася падтрымліваць сілы, у двух словах і не расскажаш. Адно магу сказаць – галадоўкі былі для мяне цяжкімі.

– Што было самым складаным падчас знаходжання за кратамі?

– Менавіта галадоўкі.

– Ці разлічвалі вы на той прысуд, што ўчора пачулі ў Маскоўскім судзе?

– Ёсць тое, што маем. Я менш разлічваў убачыць той цырк, які адбываўся падчас правядзенне так званай псіхіятрычнай эспертызы, у выніку якой мне вынеслі дыягназ – пакутваў у перыяд здзяйснення інкрымінуемых дзеянняў на расстройства асобы паранаідальнага тыпу. За той тыдзень, што знаходзіўся ў лякарні, са мной наогул ніякіх “экспертных дзеянняў” не праводзілася. Як яны маглі вызначыць, што ў мяне “расстройствы паранаідальнага тыпу”? Па тым факце, што адмовіўся са следчымі размаўляць альбо, што ў знак пратэсту хацеў вены парэзаць у судзе? Але пры чым тут падзеі шасцігадовай даўніны? Адным словам, тут усё цырк – і эскспертыза, і суд, і тыя выбары, што праходзяць у Беларусі.

– Як мяркуеце, тое, што праваабаронцы прызналі вас палітвязнем, нейкім чынам паўплывала на канчатковы прысуд?

– Рэзананс у СМІ, безумоўна, даў нейкі плён, але я не ведаю, ці мела гэта ўплыў на рашэнне суда. Можа быць, рашэнне і так было зараней вядомае.

– Калі вярнуцца да снежаньскіх падзей 2010 году… Сёння вы аб нечым шкадуеце?

– Ды не, няма вялікага шкадавання. Але асабіста я б на Плошчы паставіў намётавы гарадок, хаця ж было бачна, што ў апазіцыі не было ніякага агульнага плана. Як кажуць, адзін у лес – другі па дровы.

– Зараз вы разачараваліся ў апазіцыі?

– У беларускай апазіцыі я разачараваўся яшчэ гадоў дзесяць таму.

– Што тады вамі рухала ў 2010 годзе, калі прыйшлі на Плошчу?

– А што рухала дзеяткамі тысяч астатніх людзей, якія ў той час таксама выйшлі на вуліцу? Не думаю, што ўсе яны сябры нейкіх апазіцыйных партый альбо радыкальныя апазіцыянеры. Ёсць шмат людзей, якія проста хочуць жыць лепш, хочуць нешта змяніць… Няўжо яны не маюць права выказаць сваю пазіцыю?

Дарэчы, пасля Плошчы некаторыя пісалі, што я – правакатар, бегаў з нейкай торбачкай, у якой было невядома што. Дык вось сёння я магу сказаць – там былі зробленыя мною ўлёткі, у якіх я заклікаў народ да байкоту выбараў. Гэтыя ўлёткі я раскідваў у Мінску, мне падавалася, што і адзін я нешта змагу зрабіць, каб засцерагчы выбаршчыкаў ад таго цырка, якія назвалі выбарамі.

– Адным словам, вы – змагар-адзіночка…

– Атрымліваецца, што так.

– Якія ў вас бліжэйшыя планы?

– Найперш трэба адпачыць, бо паўгода ў турме – гэта таксама досыць вялікі тэрмін. А далей, магчыма, мяне ізноў адправяць за краты, бо, шчыра кажучы, я не збіраюся выконваць умовы “хатняй хіміі”. Навошта іх выконваць, калі я не прызнаю той прысуд, што мне вынеслі?

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Парсюкевіч
  • Сяргей Казакоў
  • Міхаіл Пашкевіч
  • Уладзімер Лобан
  • Мікола Статкевіч