“Новыя палітвязні ніяк не ўпісваюцца ў новую стратэгію стасункаў з Бруселем…”

1226_hdz_sud_kondrus_01-ydu4mБылыя палітвязні, якія былі рэпрэсаваны за ўдзел у снежаньскіх падзеях 2010 году, абмяркоўваюць прысуд, які быў вынесены ўчора Уладзіміру Кондрусю – удзельніку Плошчы-2010

Уладзіміра Кондруся прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прысудзілі да паўтара года «хатняй хіміі» з прымусовым лячэннем і наглядам. Кондрусю застаецца адбыць каля пяці месяцаў «хатняй хіміі» з улікам часу, праведзенага ў СІЗА.

Уладзімір Кобец (ў 2010 годзе кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава):

– Уладзіміра Кондруся асудзілі за падзеі, па якіх як у беларускіх праваабаронцаў, так і ў міжнароднай супольнасьці існуе кансенсус – была мірная маніфестацыя беларусаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г., якая была падаўлена ўладамі. Тое, што чалавека праз шэсць гадоў пасля падзеяў арыштавалі і кінулі ў вязніцу, даказвае, што ўлады і надалей гатовыя выкарыстоўваць крымінальную справу тых часоў у якасці бізуна, які можна ў любы момант ужыць для запалохвання грамадства.

Дарэчы, прымусовае лячэнне ад «псіхіятрычнага захворвання», якога ў чалавека не было да арышту, і якое раптам знайшлі ў вязніцы – не першы прыклад выкарыстання карнай псіхіятрыі рэжымам. Менавіта псіхіятрыю выкарыстоўвалі супраць іншадумцаў у савецкія часы, а сёняшнія ўлады дэманструюць вернасць гэтай карнай традыцыі, а медыкаў, што падпісваюць адпаведныя “дыягназы”, уцягваюць у крымінальнае злачынства. Зрэшты, як і настаўнікаў у выбарчых камісіях для фальшавання выбараў. Такім чынам, гісторыя з Кондрусем, а таксама сам прысуд яскрава дэманструюць, што сутнасць рэжыму не змянілася, і ў краіне не адбываюцца сістэмныя змены. Улады толькі перанеслі цэнтр цяжару рэпрэсій з апазіцыі на дырэктарат і чынавенства. Але дыктатура заўсёды застаецца дыктатурай і будзе атручваць жыццё нашага народу столькі, колькі будзе існаваць і ніколі не прынясе Беларусі ані росквіту, ані свабоды.

Анатоль Лябедзька (старшыня АГП: пасля снежаньскіх падзей 2010 году апынуўся ў ізалятары КДБ):

– Галоўны саюзнік улады – гэта страх. І яго неабходна перыядычна запампоўваць у грамадства. Асабліва зараз, ва ўмовах крызіса, калі “кухонная незадаволенасць” уладамі вялікая як ніколі. У гэтым сэнсе, на мой погляд, і прызначэнне “справы Кондруся”.

А з іншага боку – у “Чырвонага дома” ёсць лінія, якую яны не могуць перайсці. Новыя палітвязні ніяк не ўпісваюцца ў новую стратэгію стасункаў з Бруселем. Так што “вірус страха” ёсць, але дазіроўка не тая, якуб хацелі ўлады.

Уладзімір Някляеў (кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе):

– Уладзімір Кондрусь, як і ўсе астатнія ўдзельнікі Плошчы-2010, ні ў чым не вінаваты. Вінаватая ўлада, якая сфальсіфікавала вынікі прэзідэнцкіх выбараў.

Што да суда над Кондрусем, дык ужо тады, калі ён пачаў галадаць (а ўлады, нічога не зрабіўшы для таго, каб ён спыніў галадоўку, сталі ківаць на ягонае “псіхічнае растройства”), стала зразумела, якім будзе суд і якім будзе вырак. Прызнаюць вінаватым, але не пасадзяць, бо “псіх”. І ў той жа час “псіх” “часткова адэкватны” падчас “злачынства”. Якім чынам гэтая “частковая адэкватнасць” вызначаная – чарговая загадка беларускага суда, для якога (як і для ўсіх служкаў рэжыму) любы чалавек, які, нікога і нічога не баючыся, паўстае за праўду, за справядлівасць, за свае правы, псіхічна хворы.

Хоць якраз падсудны Уладзімір Кондрусь – адзіны, хто на тле гэтага судовага фарсу, на ўдзельнікаў якога глядзець было брыдка, выглядаў нармальным. Чалавекам з годнасцю і сумленнем.

palitviazni.info

Фота: Сяргей Гудзілін, “Наша Ніва”

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яна Палякова
  • Уладзімер Яроменак
  • Вячаслаў Сіўчык
  • Віктар Івашкевіч