Павел Севярынец: Сістэма не ведала, што рабіць з Кондрусем

kondrus-sud-2 Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Мінска быў вынесены прысуд фігуранту падзей Плошчы-2010.

Уладзіміра Кондруся прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прысудзілі да паўтара года «хатняй хіміі» з прымусовым лячэннем і наглядам. Кондрусю застаецца адбыць каля пяці месяцаў «хатняй хіміі» з улікам часу, праведзенага ў СІЗА.

 

Нагадаем, судовы працэс над жыхаром г.п.Рудзенск Уладзімірам Кондрусем, якога амаль праз шэсць гадоў судзілі за ўдзел у масавых беспарадках падчас снежаньскіх падзей 2010 году, распачаўся 16 лістапада. Аднак пасля таго, як у зале суда Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

Сёння працэс аднавіўся, хаця Уладзіміра Кондруся ў зале суда не было – ён адмовіўся там прысутнічаць. На судзе, па выніках псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, стала вядома: Кондрусь пакутуе і пакутваў у перыяд здзяйснення інкрымінуемых дзеянняў на расстройства асобы паранаідальнага тыпу. Маўляў, у момант здзяйснення злачынства не мог у поўнай ступені ўсведамляць свае дзеянні.

Пракурор запрасіла для Уладзіміра пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з абавязковым амбулаторным лячэннем па месцы знаходжання, а таксама залічыць утрыманне пад вартай — дзень за два, і вызваліць з-пад варты ў залі суда.

У выніку суд прыняў рашэнне пакараць Уладзіміра Кондруся ўмоўна – 1,5 гадамі «хатняй хіміі». Удзельніка Плошчы-2010 вызвалілі ў зале суда.

“Сам па сабе суд над Кондрусем – гэта чыстай вады беззаконне, – пракаментаваў сайту palitviazni.info палітык Павел Севярынец. – Але дзякуй Богу, што Уладзімір зараз ужо на волі. Ён паказаў вялікую цвёрдасць і мужнасць. Я думаю, што гэта было нечакана для беларускай сістэмы. Яна не ведала, што рабіць з Кондрусем. Што датычыцца самога прысуду, то ён даволі мяккі, але думаю, што ўсё гэта палягае ў адной плоскасці дачыненняў беларускіх уладаў з Еўрасаюзам”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Лыско
  • Яўген Сакрэт
  • Аляксандар Квяткевіч