Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў днямі, што трэць тых супрацоўнікаў ДАІ, якія праходзілі праверку на дэтэктары хлусні, гэтую працэдуру не прайшлі, і з імі не будзе працягнуты кантракт.
“У краіне ўвогуле сілавікамі пабудавана хлуслівая рэпрэсіўная сістэма, – распавёў сайту palitviazni.info былы палітвязень Зміцер Дашкевіч. – Міліцыянты прыходзяць у суд і пад прысягай хлусяць. Суддзі таксама прымаюць ілжывыя рашэнні. Таму, калі сёння кажуць пра нейкую праверку на дэтэктары хлусні, то мне проста становіцца смешна…”
Пасля рэзананснай трагедыі, калі п’яны выканаўца абавязкаў начальніка баранавіцкай ДАІ насмерць збіў жанчыну, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч распавёў, што служба ДАІ праходзіць праверку дэтэктарам хлусні. Кожны супрацоўнік, які будзе набліжацца да працягу кантракта, пройдзе гэту працэдуру. На сёння каля 700 чалавек мы такім чынам праверылі. Адна траціна гэтую працэдуру не прайшла, і з імі кантракт працягнуты не будзе.
“Самому міністру трэба было б найперш праверыцца на гэтым дэтэктары і напісаць рапарт аб адстаўцы, – распавядае сайту palitviazni.info былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, якія ў сваім жыцці шмат разоў сустракаўся з ілжывымі супрацоўнікамі міліцыі. – Справа ў тым, што ў краіне ўвогуле сілавікамі пабудавана хлуслівая рэпрэсіўная сістэма. Правярай яе на дэтэктары альбо не правярай – у выніку мала што зменіцца. Можа быць, п’яных супрацоўнікаў ДАІ за рулём стане менш, але сістэма застанецца ранейшай. Будуць збіваць людзей пры затрыманні, мачыцца людзям на галаву і гэдак далей. Тых злачынцаў у пагонах, пра якіх канкрэтна казалі грамадзяне, Шуневіч пакараў? Не, злачынцаў абаранілі, бо ўсе гэтыя міліцэйскія праверкі сваіх жа супрацоўнікаў па “скаргах грамадзян” – фікцыя”.
Са слоў Зміцера, сёння мы жывем у краіне, дзе сілавая структуры і самі не кіруюцца законам.
“Міліцыянты прыходзяць у суд і пад прысягай хлусяць, – дадае ён. – Колькі такіх выпадкаў было, колькі раз лавілі, што называецца, за руку! Суддзі таксама прымаюць ілжывыя рашэнні. Таму, калі сёння кажуць пра нейкую праверку на дэтэктары хлусні, то мне проста становіцца смешна. Значна больш шырокі жэст з боку міністра ўнутраных спраў быў бы, каб ён асабіста пакараў сваіх супрацоўнікаў, якія паводзяць сябе неадэкватна, напрыклад, пры затрыманнях людзей. Нават у крытыкаў рэжыму з’явілася б павага да такой структуры. Хочаш – не хочаш, але яна ўзнікала б. Але ж гэтага няма. Таму гэтыя праверкі, дэтэктары – пыл у вочы. Калі заўтра будзе загад “правераным” супрацоўнікам кагосьці незаконна затрымаць альбо збіць, то такі загад выкананы ў момант. І пра дэтэктар ніхто нават не ўспомніць”.
palitviazni.info