Уладзімір Някляеў: Сёння час, які можна назваць грэхападзеннем улады

1_nekПра пратэстныя настроі беларусаў, акцыі апазіцыі і новае “прагматычнае пакаленне” сайту palitviazni.info распавядае экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Уладзімір Някляеў.

“У пратэстных акцыях нельга спыняцца, незалежна ад таго, як на іх рэагуе грамадства, – кажа палітык. – Але грамадства павінна бачыць, што ёсць лідары, якія гатовы не проста сустракацца на нейкіх палітытычных мерапрыемствах, але і дзейнічаць больш рашуча, нечым рызыкаваць, каб дасягнуць мэты. І гэта вельмі важна ў тым кантэксце, што наперадзе ў нас не самыя лепшыя часы. Сітуацыя, якая складваецца вакол Беларусі, не дазваляе нам заплюшчваць вочы на гэтую небяспеку”.

24 лістапада на сталічнай плошчы Свабоды прайшла акцыя, якая нагадала пра рэферэндум 20-гадовай даўніны.

Няпэрэдадані былыя палітычныя зняволеныя Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч заклікалі прыйсці на плошчу, хаця заяўку на правядзенне мерапрыемства не падавалі. У выніку, па некаторых ацэнках, на акцыю прыйшло ўсяго каля 150 чалавек. Гэта разам з дзясяткамі журналістаў і сілавікамі ў цывільным.

– Чаму акцыі апазіцыі сталі такімі нешматлюднымі?

– Усе колькасныя пытанні да ацэнкі сёняшняй сітуацыі не падыходзяць. Па-першае, зараз мы назіраем у грамадстве спад – нацыянальны, дэмакратычны, палітычны. Так заўсёды бывае, калі доўгі час грамадства ідзе да нейкай мэты, да сапраўды дэмакратычнай і незалежнай краіны, а ў выніку высвятляецца, што прыйшлі на тое самае месца адкуль і выйшлі. Гэта было ў многіх краінах – не толькі ў Беларусі.

Па-другое, грамадства сёння запалохана, а таму баіцца выходзіць на акцыі, пасля якіх, на думку людзей, абавязкова будуць непазбежныя наступствы. І вось гэтыя два чыннікі істотна ўплываюць на тую самую колькасць людзей.

– Але на кухнях у нас сядзіць шмат апазіцыянераў…

– Таму што тыя ідэі, якія закладзены намі, яны па сутнасці падзяляюцца па ўсёй краіне. Я гэта магу сведчыць, як чалавек, які ўвесь час ездзіць па рэгіёнах. І тыя нашы настроі, якія выказваюцца падчас розных сустрэч, амаль цалкам супадаюць з большасцю настроеў людзей.

– Вы лічыце, што патрэбны акцыі, на якія амаль ніхто не прыходзіць?

– Так. У гэтых акцыях нельга спыняцца, незалежна ад таго, як на іх рэагуе грамадства. Але грамадства павінна бачыць, што ёсць лідары, якія гатовы не проста сустракацца на нейкіх палітытычных мерапрыемствах, але і дзейнічаць больш рашуча, нечым рызыкаваць, каб дасягнуць мэты. І гэта вельмі важна ў тым кантэксце, што наперадзе ў нас не самыя лепшыя часы. Сітуацыя, якая складваецца вакол Беларусі, не дазваляе нам заплюшчваць вочы на гэтую небяспеку.

Усе гэтыя чыннікі і тлумачаць сэнс тых акцый, якія мы праводзім і збіраемся праводзіць далей. І я хачу сказаць, што ад гэтых акцый ідзе добрае рэха. Мне шмат людзей тэлефануе, піша… Многія кажуць: “Выбачайце, што не прыйшлі, але дзякуй вам за тое, што робіце”. Таму ўнутры грамадства наша справа падтрымліваецца, і мы не маем права ад гэтага адмаўляцца.

– Але ж пасля такіх акцый у вас адрас ідзе шмат крытыкі…

– Не адмаўляю, што многія ў нас тыкаюць пальцам і кажуць: “Глядзіце, у іх няма падтрымкі”. Але, на мой погляд, гэта лепш, чым падтрымка ў нейкіх кабінетах з нейкімі незразумелымі асобамі і гутаркі пра мірны шлях і дамовы з уладамі. Дамаўляцца аб нечым з уладай – гэта абсалютна нерэальна!

– У гэтым погляды апазіцыі разыходзяцца?

– Прынцыповая розніца ўнутры апазіцыі палягае ў тым, што некаторыя лічаць, што перамовамі з Лукашэнкам можна вырашыць пытанне дэмакратызацыі і змены сітуацыі ў Беларусі. А асабіста я лічу (і такая ж пазіцыя Беларускага нацыянальнага кангрэса), што ўлада ўжо зрабіла ўсе рэформы, якія магла зрабіць. І зрабіла менавіта ў лістападзе 1996 году, калі быў праведзены рэферэндум і зменена Канстытуцыя.

Калі нехта ўяўляе, што сітуацыя адкруціцца (вернуць заканадаўчую і судовую ўладу, проста аддадуць сваю ўладу), то такі чалавек проста не разумее сутнасці створанай сістэмы. А нічога гэтага быць не можа па той простай прычыне, што такога не можа быць. Гэтага трэба дамагацца актыўнымі дзеяннямі і апазіцыі, і ўсяму грамадству.

– Атрымліваецца, праз 20 гадоў пасля рэферэндума вырасла нейкае абыякавае і апалітычнае пакаленне, ці не так?

– Вырасла прагматычнае пакаленне. Гэта сапраўды так, бо людзі хочуць мець матывацыю для сваіх дзеянняў. У першыя часы незалежнасці Беларусі, у 90-я, гады, было зразумела, куды краіна ідзе – па шляху беларусізацыі. І былі прэферэнцыі, нгапрыклад, для тых жа настаўнікаў, якія выкладалі беларускую мову, працэс актыўна ішоў. Калі ж матывацыя знікла, калі займацца гэтым стала бессэнсоўна, тады і пайшоў спад.

Людзі не могуць увесь час кіравацца рамантычнымі інтарэсамі, узнікаюць і практычныя. Таму маладое пакаленне і ідзе ў розныя моладзевыя прадзяржаўныя арганізацыі, бо там бачацца нейкія перспектывы і даюць нейкія бонусы. Менавіта і з гэтай прычыны трэба ім паказваць, што сістэма можа змяніцца, і яна абавязкова зменіцца.

– А можа людзі проста разачараваліся ў апазіцыі, не вераць яе лідарам?

– Безумоўна, калі нехта кляўся ў тым, што ён здолее перавярнуць свет і не перавярнуў, то разачараванне наступае. Але гэта ў нейкіх персаналіях і не можа пераходзіць на ўсё грамадства. І не трэба глядзець на гэта, як на нейкую ўнікальную з’яву. Сёння такі час, такі цыкл у развіцці грамадства, які можна назваць грэхападзеннем улады.

– Што вы маеце на ўвазе?

– Надзеі, якія ўскладала грамадства на ўладу, рухнулі. Лукашэнка чаму ізноў пачаў распавядаць народу пра сярэдні заробак у 500 долараў? Бо трэба зрабіць новую заманку для людзей. Але ж ужо ніхто не верыць. А самае галоўнае, што ва ўлады няма ніякіх рэсурсаў, каб выправіць сітуацыю.

Гэты працэс будзе доўжыцца і непазбежна прывядзе да новых працэсаў – да бурлення ў самых нізах грамадства. Забурліць там, куды менш за ўсё будзе даходзіць сродкаў, якія яшчэ засталіся. І адтуль ужо пачнецца новае незадавальненне, новы рух, і вось тады спатрэбяцца людзі, якія стаяць на чале таго, што называюць апазіцыяй.

Таму яшчэ раз паўтаруся, што тыя акцыі, што мы ладзім, яны патрэбныя. Калі нічога не расце ў балоце, то яно проста цьмякае і засмоктвае туды ўсіх, хто там жыве.

palitviazni.info  

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

19.12.2019 Уладзімір Някляеў: У 2010 годзе на плошчу выйшлі людзі, якія разумеюць жыццё не толькі як спосаб есці і піць…

28.10.2019 Уладзімір Някляеў: Сядзець не магу – працую над раманам стоячы…

24.07.2019 Уладзімір Някляеў: У Мінску ў мяне ёсць справы і асабістыя, і палітычныя

14.06.2019 Уладзімір Някляеў: Знаходжанне ў следчым ізалятары КДБ у 2010 годзе нагадвае пра сябе і ў Швецыі

15.05.2019 Уладзімір Някляеў дасць у Швецыі прэс-канферэнцыю

31.01.2019 Уладзімір Някляеў: Са “справы БЕЛТА” атрымаўся чарговы пшык

08.08.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы…

02.08.2018 Уладзімір Някляеў: Хто стварыў суды, у якіх суддзя – проста балванчык?

27.06.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта наўпроставае знішчэнне незалежнага прафсаюза…

26.03.2018 Уладзімір Някляеў: Кіраўніцтва адной амбасады паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пачобут
  • Іван Гапонаў
  • Алесь Круткін