Алесю Міхалевічу не дазваляюць пазнаёміцца з матываванай пастановай аб прыпыненні крымінальнай справы

indexЭкс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году (тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам), зараз рыхтуецца балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У той жа час ён працягвае высвятляць лёс крымінальнай справы, якая была прыпынена ў адносінах да палітыка.

“Я рабіў адмысловы запыт з гэтай нагоды, але мне адказалі, што нічога для азнаямлення не дадуць, – распавёў сайту palitviazni.info Алесь Міхалевіч. – І нават не скажуць, чаму справу прыпынілі. Думаю, што буду абскарджваць гэтую адмову”.

Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году. Тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам. Міхалевіч стаў адным з фігурантаў нашумелай справы “Аб масавых беспарадках”. Пэўны час палітык знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым з тых, хто заявіў пра жорсткія катаванні ў турэмных засценках.

Выйшаўшы на волю пад падпіску аб нявыездзе, Міхалевічу ўсё ж-такі ўдалося пакінуць Беларусь і эмігрыраваць у Чэхію. Але ў мінулым годзе палітык вярнуўся на радзіму пасля пяці гадоў жыцця за яе межамі. Праз нейкі час стала вядома, што яго крымінальная справа прыпыненая, але не зачыненая.

“1 ліпеня я здаю дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за маё вылучэнне кандыдатам у дэпутаты ва Уруччы (акруга нумар 109), – абвясціў Алесь Міхалевіч.Калі хто гатовы ўвайсці ў гэтую групу, буду ўдзячны. Збіраць подпісы не абавязкова, максімум пару разоў схадзіць са мной на пікет.

Са слоў Міхалевіча, пакуль у яго камандзе назбіралася некалькі дзесяткаў чалавек.

“На выбарах не бывае шмат людзей, – дадае палітык. – На апошніх выбарах у маёй групе было некалькі соцень правераных людзей, але трэба разумець, што цяпер многія з іх і самі вылучаюцца па ўсёй краіне”.

Экс-кандыдат у прэзідэнты не лічыць вылучэнне сваёй кандыдатуры на парламенцкія выбары “актыўным удзелам у палітыцы”.

“У выбарах я удзельнічаю проста, як актыўны грамадзянін, – кажа ён. – Гэта тое самае, што чалавек прагаласаваў падчас выбараў. Увогуле, свае шанцы ў гэтай кампаніі я ацэньваю прыблізна на ўзроўні шанцаў выйграць кватэру ў латарэю. Але ж партыя прыняла рашэнне, каб я ўдзельнічаў у выбарах, і я гэтаму рашэнню падпарадкоўваюся”.

Што датычыцца крымінальнай справы, якая прыпынена, але пакуль не зачынена, то, па словах Міхалевіча, яму адмаўляюцца прадаставіць матываваную пастанову аб прыпыненні крымінальнай справы.

“Я рабіў адмысловы запыт з гэтай нагоды, але мне адказалі, што нічога для азнаямлення не дадуць, – абураецца палітык. – І нават не скажуць, чаму гэтую справу прыпынілі. Думаю, што буду абскарджваць гэтую адмову”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пратасеня
  • Аляксей Бондар
  • Алесь Чарнышоў
  • Яўген Сувораў
  • Аляксей Янушэўскі