Павел Севярынец: Рэабілітацыя палітвязняў – гэта патрабаванне справядлівасці

Павел Севярынец З моманту правядзення прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку 2015 года “ніякіх зменаў у дрэннай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося”, заявіў спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці.

Сярод прыкладаў парушэнняў правоў чалавека Харасці назваў і факт таго, што былыя палітвязні, вызваленыя незадоўга да выбараў, да гэтага часу не адноўленыя ў грамадзянскіх і палітычных правах.

“Рэабілітацыя “палітычных” – гэта, хутчэй, праблема нацыянальнага масштабу, чым асабістая”, – кажа былы палітвязень Павел Севярынец.

Харасці адзначыў таксама, што да гэтага часу не закрытая крымінальная справа ў дачыненні да экс-кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе Алеся Міхалевіча. У зняволенні знаходзіцца актывіст Міхаіл Жамчужны (заснавальнік закрытай уладамі установы “Платформ інавейшн”, што займалася пытаннямі парушэння правоў людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі).

“Спыненне гэтых парушэнняў правоў чалавека патрабуе толькі палітычнай волі ў гэтай вельмі цэнтралізаванай сістэме”, – падкрэсліў Харасці.

– Насамрэч у нас ужо дзесяткі палітвязняў, – кажа Павел Севярынец. – Гэта тыя, хто ў шэрагу выпадкаў яшчэ знаходзяцца пад наглядам, страцілі працу і здароўе. Іншыя бачаць сітуацыю і думаюць: маўляў, чалавек палез у палітыку, атрымаў за гэта, яго жыццё зламанае, а, значыцца, навошта нам займацца гэтай справай? Таму, безумоўна, рэабілітацыя палітвязняў – гэта патрабаванне справядлівасці. І гэтае патрабаванне ў дачыненні да сёняшняй улады будзе стаяць увесь час.

Хоць не верыцца, што рэжым пойдзе на рэабілітацыю былых палітычных зняволеных. Гэта немагчыма нават уявіць. Пакуль ён ёсць, будзе падтрымлівацца і ўзровень страху ў грамадстве.

– Ці актуальнае пытанне рэабілітацыі асабіста для вас?

– Перш-наперш хачу сказаць, што раней я ведаў, на што іду. Змаганне – гэта не выгоды. Змагаешся – будзь гатовы да цяжкасцей. Але я ведаю людзей, для якіх пытанне рэабілітацыі – вельмі сур’ёзная праблема. І ведаю тых, хто, гледзячы на палітвязняў, у палітыку не ідзе. Таму рэабілітацыя – гэта, хутчэй, праблема нацыянальнага масштабу, чым асабістая.

– На ваш погляд, ці актульная сёння для Захаду тэма рэабілітацыя палітвязняў? Ці будуць там падымаць праблему гэдак жа актыўна, як і тэму вызвалення палітвязняў?

– Не думаю. Зараз, калі гаворка ідзе пра вырашэнне “беларускага пытання”, еўрачыноўнікі будуць кіравацца зусім іншымі меркаваннямі. Тут бачны прагматызм асобных палітыкаў. Шэраг міністраў замежных спраў краін Еўразвязу ўжо заявілі, што яны выступаюць за зняцце санкцый у дачыненні да Беларусі, хоць, як адначыў той жа спецдакладчык ААН, нічога прынцыповага ў сітуацыі з правамі чалавека не змянілася. Б’юць журналістаў, вядуцца крымінальныя справы па палітычных матывах, пераследуюць за іншадумства і штрафуюць за ўдзел у мірных акцыях пратэсту… Адным словам, не зменена практычна нічога, але еўрапейцы з-за геапалітычных і прагматычных меркаванняў ідуць на супрацу з беларускай уладай. І тут пытанне рэабілітацыі, як мне падаецца, наогул не разглядаецца. Я нават не чуў з вуснаў еўрапейцаў за апошнія месяцы гэтага патрабавання. Што датычыцца Харасці, то ён адзін з нямногіх, хто узняў гэтую праблему.

– Дык можа на Захадзе прыслухаюцца да слоў спецдакладчыка ААН?

– Яго словы, безумоўна, маюць вагу, але ўсё вырашаюць зараз у Еўропе канкрэтныя выканаўцы. І сёння, наколькі мне вядома, ёсць дзве лініі. Адна выступае за тое, каб зняць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, нягледзячы на тое, што афіцыйны Мінск не прасоўваецца ў накірунку дэмакратычных пераменаў. Другая – за тое, каб працягнуць замарозку санкцый. І мне здаецца – пакуль больш тых, хто за зняцце санкцый любым коштам. На мой погляд, калі гэта будзе зроблена, то ўлада зразумее сваю беспакаранасць і можа вярнуцца практыка палітвязняў-закладнікаў.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дрозд
  • Цімох Дранчук