Павел Севярынец: Спадзяюся, што лінія на прынцыповасць пераможа

Павел СевярынецЯк вядома, Савет ЕС працягнуў (прыпыніў) санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі на чатыры месяцы, да 29 лютага 2016 года, і ўжо ў хуткім часе пытанне ізноў паўстане на павестцы дня.

Ці здыме Еўрасаюз поўнасцю санкцыі? І на якія крокі ўзамен гатовыя пайсці беларускія ўлады?

Пра гэта сайту palitviazni.info распавядае былы палітвязень і сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Нагадаем, што ў кастрычніку мінулага году Савет ЕС паведаміў, што санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі прыпыненыя на чатыры месяцы – да 29 лютага 2016 году. Замарозка санкцыяў закранула 170 асобаў і актывы трох беларускіх прадпрыемстваў.

“Гэтае рашэнне было прынята ў адказ на вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў 22 жніўня і ў кантэксце пацяплення адносінаў паміж ЕС і Беларуссю”, – адзначалася ў прэс-рэлізе Савета ЕС.

Разам з тым паведамлялася, што ЕС будзе працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй у галіне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

Пад санкцыямі застаюцца чатыры асобы, якія ўдзельнічалі у незаконных знікненнях у Беларусі. Таксама засталося дзейнічаць эмбарга на пастаўкі зброі.

– На ваш погляд, ці можа Еўрасаюз у наступным месяцы поўнасцю зняць санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў?

– Думаю, такая верагоднасць ёсць. І для нас, напрыклад, сённяшняя сітуацыя – своеасаблівае тэставанне ўлады. Гэта і тое, ці зарэгіструюць Партыю БХД, бо мы ў чарговы раз падалі дакументы і чакаем адказу. Гэта і вызваленне Міхаіла Жамчужнага, якога праваабаронцы прызналі палітычным вязнем, і спыненне рэпрэсій, і змена выбарчага заканадаўства. Калі гэта зроблена не будзе, то сэнсу ў адмене візавых санкцый я не бачу.

– А ці можа атрымацца так, што нічога з вышэйпералічанага выканана не будзе, а санкцыі ўсё роўна адменяць?

– Безумоўна, але гэта будзе палітычнай памылкай.

– Чым сёння кіруецца Еўропа?

– Зараз на Захадзе ёсць група палітыкаў, якая мысліць настолькі прагматычна, што гатова заплюшчыць вочы на многія відавочныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, на знішчэнне беларускай ідэнтычнасці, на фальсіфікацыі падчас выбараў. І, дзеля нейкіх міфічных геапалітычных выгодаў перацягвання беларускага савецкага рэжыму на еўрапейскі бок, Еўразвяз гатовы рызыкнуць. Але, на мой погляд, тут рызыка несуразмерная. Да таго часу, пакуль у нас не будзе свабодных і справядлівых выбараў, ні пра якую легітымную ўладу і карэнныя змены да лепшага не ідзе гаворка.

– Не так даўно сем праваабарончых структур прынялі адкрыты зварот, у якім прапанавалі ўладзе выканаць пяць найбольш вострых і актуальных пунктаў. Гэта і спыненне палітычных крымінальных спраў, і рэгістрацыя няўрадавых арганізацый, і спыненне пераследу незалежных журналістаў… Ці пойдуць улады на гэтыя крокі ў адказ на зняцце санкцый?

– Думаю, што ў Еўропе ёсць прынцыповыя палітыкі, для якіх важныя каштоўнасці. І я спадзяюся, што лінія на прынцыповасць пераможа. А вось што тычыцца беларускага кіраўніцтва, то мы яе ведаем больш за 20 гадоў. І разумеем, што чакаць ад яе нейкіх джэнтльменскіх крокаў проста не выпадае.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віктар Івашкевіч
  • Алег Сурган
  • Уладзімер Кобец
  • Васіль Лявонаў
  • Цімох Дранчук