Мікалай Статкевіч: Улада мусіць нас цярпець

DSCN4877Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра судовыя выракі пасля акцый, ціск на грамадзянскую супольнасць і сваё стаўленне да прыпынення санкцый Еўразвязу ў адносінах да беларускіх чыноўнікаў.

29 кастрычніка ў Мінску адбылася акцыя памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якая праходзіла каля будынка КДБ на праспекце Незалежнасці па ініцыятыве былога палітычнага зняволенага Мікалая Статкевіча.

Супрацоўнікі міліцыі ў чарговы раз склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева і Анатоля Лябедзькі.

– Гэта будуць не першыя адміністрацыйны справы за акцыі, наперадзе – суды… Як вы ацэньваеце папярэднія судовыя выракі? – запытваем у Мікалая Статкевіча.

– Гэта найбольш спроба запалохаць грамадства. Ва ўлады звязаны рукі, каб хапаць людзей падчас акцый, рэжыму неабходны грошы. І гэтых грошай ужо не стае. Таму яны мусяць цярпець нас, а мы мусім карыстацца момантам, каб вярнуць для пачатку прастору свабоды ў цэнтры Мінска. Бо людзей спачатку заганялі на плошчу Бангалор, а пасля ўжо і тая плошча лічылася “за шчасце”. Зараз ўлады не могуць масава хапаць людзей, не могуць арыштоўваць арганізатараў мерапрыемстваў, а таму выбралі тактыку вялікіх штрафаў. У спадзяванні, што заходнія партнёры не будуць жорстка рэагаваць на такое пакаранне.

– На ваш погляд, ці доўга такая сітуацыя працягнецца?

– Штрафы маглі б даваць бясконца, але, напрыклад, у маёй сітуацыі ёсць абмежаванні. У мяне ўжо ёсць тры адміністрацыйныя спагнанні. І зараз уладзе трэба нешта вырашаць. Альбо спыняцца, альбо ўводзіць прэвентыўны нагляд за Мікалаем Статкевічам, а далей ужо і да зняволення не так далёка. І тады навошта была ўся гэтая гульня з Захадам? Я не ведаю, што будзе далей. Проста карыстаюся магчымасцю, каб зрабіць наша грамадства больш вольным, каб зменшыўся ўзровень страху.

– Ці адчуваеце вы на сабе нейкі ціск з боку ўладаў пасля вызвалення?

– Яго няма. Ціск на нас бывае ў нашай жа галаве. Калі нас палохаюць, а мы баімся, тады гэта ціск. Мяне, магчыма, спрабуюць напалохаць штрафамі, а мне з гэтага проста смешна. Не бойцеся, і будзеце маладыя, прыгожыя і здаровыя!

– Як вы ставіцеся да прыпынення санкцый з боку Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі?

– Добра, што санкцыі прыпынілі, а не поўнасцю адмянілі. Мне, напрыклад, было б усё роўна, ці паедуць беларускія чыноўнікі на закупы ў “Акропаліс”. Няхай бы з’ездзілі ды паглядзелі на тыя кошты і параўналі з нашымі. Але я ўвесь час кажу, што тут ёсць і пэўны маральны сэнс. Гэта сігнал нашаму грамадству, што каштоўнасці свабоды і дэмакратыі, якіх вы прагнеце, – не зусім для вас. Такі сігнал цяжка людзьмі ўспрымаецца. А мы будзем даводзіць, што свабода і дэмакратыя – гэта наша. Вось выйшлі да будынка КДБ – і давялі. Паглядзім яшчэ, хто пераканае наша грамадства. А нашы еўрапейскія калегі няхай самі вырашаюць свае справы і глядзяць на тое, з кім ім сябраваць. Але, паўтаруся, санкцыі прыпынілі, але не адмянілі, таму грэх не скарыстацца дадатковай мажлівасцю для працы.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віталь Мацукевіч
  • Яўген Скочка
  • Іван Крук
  • Эніра Браніцкая
  • Мікалай Дзядок