Бэтмэн: Вызваленьне супэргероя з Акрэсьціна

1 чэрвеня пасьля 15-суткавага арышту на свабоду выйшаў валянтэр ініцыятывы “Ежа замест бомбаў” Аляксандар “Бэтмэн” Курэц, затрыманы ў часе ЧС па хакеі нібыта за нецэнзурную лаянку.

“Бэтмэн, бо Алекс дапамагае людзям”

Сустракаць з сутак Алекса Курца па мянушцы Бэтмэн пад акрэсьцінскімі мурамі сабралася два дзясяткі чалавек. Загадзя былі падрыхтаваныя падарункі, паветраныя балёнікі і налепкі з выявай бэтмэна, замоўлены торт. Праўда, супрацоўнікі ЦІПа не далі сябрам сустрэць свайго супэргероя − загадзя вывезьлі яго ў Партызанскі РУУС, а пасьля адпусьцілі. Віншаваць Алекса з вызваленьнем давялося ў яго дома.

bat_siabry

Салідарнасьць – вышэй за ўсё

Згодна зь меркаваньнем Аляксандра, уладзе не падабаецца бачыць тую падтрымку, салідарнасьць, якую выказваюць сябры затрыманых, таму супрацоўнікі міліцыі ўчыняюць дробныя пакасьці і вывозяць сядзельцаў за межы Акрэсьціна. Алекса ў часе адсідкі сябры актыўна падтрымлівалі лістамі і тэлеграмамі, а інтэрнэт-супольнасьць пасьля агалошваньня прысуду распаўсюджвала наступны плякат.

10330257_649028121834272_4964832566111378709_n

Умовы ўтрыманьня ў ізалятары перанёс як сапраўдны герой

Алекс “Бэтмэн” Курэц расказаў, што за адсідку схуднеў толькі на 1,5 кіляграмы, але нараканьні на ежу ўсё ж былі:

− Харчаваньне ў ізалятары на Акрэсьціна нібыта каштуе 75 тысячаў на суткі, але шчыра скажу: не цягне яно на гэтую суму. Што тычыцца прагулак, то цягам 15 дзён на сьвежае паветра мяне вывелі толькі 3 разы на 15-30 хвілінаў, адказаў на свае скаргі адносна гэтых парушэньняў я так і не атрымаў. Таксама апошнія 3 дні давялося спаць з уключаным “верхнім” сьвятлом, бо ў камэры перагарэла лямпачка ад начніка, яе так і не замянілі. Варта адзначыць, што перадачы прыносілі не тады, калі іх перадавалі, а раніцай наступнага дня. Гэта крыху трымала ў напрузе, бо было незразумела, прынясуць урэшце перадачу ці не, − заўважае Курэц.

bat

Прычыны затрыманьня

Алекс “Бэтмэн” Курэц зьвязвае свой арышт не так з чэмпіянатам сьвету па хакеі, як з валянтарыятам у кампаніі “Ежа замест бомбаў”. Курэц мяркуе, што яго затрымалі, каб застрашыць тых, хто, дапамагаючы бяздомным, паказвае, што не ўсё так добра на нашым астраўку стабільнасьці.

Аляксандар Курэц разам зь іншымі быў затрыманы 17 траўня на акцыі “Ежа замест бомбаў” каля Міхайлаўскага сквера ў Менску, дзе праходзіла раздача ежы для бедных грамадзянаў. Пры асабістым даглядзе ў РУУСе як толькі міліцыянты знайшлі ў маладзёна цішоткі “Свабоду палітвязьням” і налепкі, выпушчаныя да чэмпіянату сьвету па хакеі, адразу вырашылі складаць на Курца пратакол, астатнія ўдзельнікі акцыі былі адпушчаныя. Заўважым, што Алекс Курэц на суткі трапіў упершыню.

Ініцыятыва “Ежа замест бомбаў” (па-ангельску Food not bombs) узьнікла ў ЗША у 80-ых гадах. У Беларусі з 2005 году неабыякавая моладзь на свае ўласныя сродкі штовыходныя корміць бяздомных людзей, пратэстуючы супраць выдаткаваньня бюджэтных сродкаў на ўзбраеньне, у той час, як у краіне існуюць людзі, якія ня маюць грошай на ежу і вопратку.

Palitviazni.info, фота – nn.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Лобан
  • Аляксандар Малчанаў
  • Васіль Старавойтаў